Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 206 из 315



О братове мае, гэтую новую скрыжаль я мацую над вамi: цвярдзейце!

30

О ты, мая воля! Ты, паваротнiца ўсiх нягодаў, ты, мая неабходнасць! Асланi мяне ад малых перамог! Ты, воля душы маёй, якую я называю лёсам! Ты, Ува-Мне! Нада-Мною! Асланi i ахавай мяне дзеля аднаго вялiкага лёсу!

I апошнюю сваю велiч, о воля мая, захавай на апошняе змаганне, каб быць табе няўмольнай у перамозе сваёй! О, хто не быў пераможану ўласнай сваёй перамогай!

О, чый позiрк не цямнеў у гэтым п'янючым сутоннi! О, у каго з пераможцаў ногi не падгiналiся i не развучвалiся стаяць!

Няхай сталы i дасканалы сустрэну я калi-небудзь свой вялiкi Полудзень: як растопленая медзь, як хмара, цяжарная маланкамi, як грудзi, поўныя малака:

- спелы самому сабе i схаванай волi сваёй, быццам лук, успалымнёны да стралы сваёй, як страла, успалымнёная да зоркi сваёй;

- да зоркi, даспелай i дасканалай у зенiце сваiм, - палкай, пранiзанай, шчаслiвай пад забойчымi стрэламi сонца;

- быццам сонца i няўмольная воля яго, гатовая загiнуць у перамозе сваёй!

О воля, адваротнiца ўсiх нягодаў, мая неабходнасць! Захавай мяне на адну вялiкую перамогу!.."

Так сказаў Заратустра.

Той, хто ацаляе

1

Аднае ранiцы, неўзабаве пасля вяртання ў пячору, Заратустра як апантаны, падхапiўся са свайго ложка, крыкнуў страшным голасам i ўстаў над ложкам з такiм выглядам, быццам нехта ляжаў на iм i не хацеў уставаць; i так гучаў Заратустраў голас, што ягоныя звяры, спалохаўшыся, пазбягалiся да яго, а з усiх нораў i шчылiн, што былi непадалёк ад Заратустравай пячоры, усе жывёлы кiнулiся хто куды - ляцелi, беглi, паўзлi, - гледзячы па тым, што ў iх было ногi цi крылы. А Заратустра сказаў такiя словы:

"Падымайся, прадонная думка, выходзь з маёй глыбiнi! Я - свiтанак i твой ранiшнi певень, уставай, заспаны чарвяк, падымайся! Даўно пара табе прачнуцца ад майго голасу!

Развяжы повязi свайго слыху: слухай! Бо i я хачу цябе слухаць! Падымайся! Тут хапае грому, каб i магiлы пачулi!

I сатры сон, i слепату, i тупасць з вачэй! I слухай мяне нават вачыма: бо мой голас ацаляе нават тых, што нарадзiлiся сляпыя.

|< Пред. 204 205 206 207 208 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]