Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
231 из 315
Пасярод дарогi, якою ён хацеў спусцiцца, iшлi два каралi, у каронах i падперазаныя пурпуровымi паясамi, стракатыя, як фламiнга: перад сабою яны гналi нагружанага асла. "Што трэба гэтым каралям у маёй дзяржаве?" - здзiўлена сказаў Заратустра сэрцу свайму i паспяшаўся схавацца за куст. Але калi каралi параўнялiся з iм, ён сказаў напаўголаса, быццам самому сабе: "Дзiўна! Дзiўна! Як звязаць адно з адным? Бачу двух каралёў - i толькi аднаго асла!"
Тады тыя двое спынiлiся, з усмешкай гледзячы ў той бок, адкуль пачуўся голас, i павярнулiся адзiн да аднаго. "Гэтаксама думаюць i многiя з нас, сказаў кароль, якi iшоў справа, - але яны не кажуць гэтага ўголас".
А кароль злева, пацiснуўшы плячыма, адказаў: "Гэта, мабыць, пастух, якi пасвiць козы. Альбо пустэльнiк, якi доўга жыве сярод скалаў i дрэў. Без кампанii псуюцца сама добрыя норавы".
"Добрыя норавы? - сярдзiта i горка адказаў другi кароль. - Ад чаго ж мы ў такiм разе ўцякаем? Цi не ад "добрых" нораваў? Цi не ад нашага "вышэйшага свету"?
I праўда, лепей жыць сярод пустэльнiкаў i пастухоў, чым у коле нашай вызалачанай, iлжывай, нарумяненай чэрнi, якая называе сябе "вышэйшым светам",
- якая называе сябе "арыстакратыяй". Але ўсё ў iх iлжа, i нават сама iхняя кроў - ад застарэлых брудных хвароб i яшчэ горшых лекараў.
Сёння ў мяне найлепшае: грубы, хiтры, упарты i вынослiвы мужык: сёння гэта сама высакародны тып.
Сяляне - вось хто сёння сама лепшыя людзi; яны i павiнны панаваць! Аднак цяпер - царства натоўпу, i я ўжо не падманваю сябе.
|< Пред. 229 230 231 232 233 След. >|