Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
247 из 315
I той нарэшце сказаў:
"Той, хто найболей любiў Яго i валодаў Iм, таму Ён цяпер i страчаны канчаткова,
- вось, глядзi, хто з нас сёння бязбожнейшы? Цi не я? Але толькi хто з гэтага парадуецца?"
"Ты служыў Яму да канца, - задуменна сказаў Заратустра пасля даўжманага маўчання, - табе вядома, як Ён памёр? Цi праўду кажуць, што Яго задушыла спагада,
- калi Ён убачыў чалавека, якi вiсеў на крыжы, i не вынес вiдовiшча, калi любоў Яго да чалавека зрабiлася пеклам, а пад канец i смерцю?"
Але апошнi Папа нiчога не адказаў на гэта, толькi адвёў убок вочы з выразам смутку i паныласцi на твары.
"Хай будзе так, - сказаў Заратустра, падумаўшы нейкi час i гледзячы старому ў вочы.
Хай будзе так, з iм кончана. Але хоць i сведчыць пра гонар твой тое, што кажаш ты толькi добрае пра гэтага мёртвага, i табе, i мне добра вядома, кiм Ён быў i якiмi дзiвоснымi шляхамi хадзiў".
"Гаворачы з Iм з вока на два, як бо то ж у мяне толькi адно, - жвава азваўся апошнi Папа (а ён быў сляпы на адно вока), - у тым, што да Бога, я больш абазнаны, чым сам Заратустра, - i з поўным правам.
Шмат гадоў служыла Яму любоў мая, i воля мая ва ўсiм iшла следам за воляю Яго. А добраму слузе вядома ўсё, нават тое, што пан хавае ад самога сябе.
Ён быў схаваны Бог, поўны таямнiц. Сапраўды, нават сына свайго Ён здабыў няйнакш як таемнымi спосабамi. Перад дзвярыма Яго - пералюб.
Той, хто славiць Яго як Бога любовi, не дужа высокае думкi пра любоў. Хiба не хацеў гэты Бог быць суддзёю? Хто любiць, любiць без аглядкi на ўзнагароду i аддзяку.
Калi ён быў малады, гэты Бог з усходу, Ён быў суровы i помслiвы i стварыў пекла на асалоды любiмцам сваiм.
Але нарэшце Ён састарыўся i зрабiўся мяккi, вялы i жаласлiвы i пачаў упадабняцца больш дзеду, чым бацьку, а яшчэ больш - старой нямоглай бабулi.
|< Пред. 245 246 247 248 249 След. >|