Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 301 из 315

Даруй жа, о Заратустра, старому пабожнаму сэрцу апошняга Папы!"

"А ты, - звярнуўся Заратустра да вандроўнiка, якi называў сябе ягоным ценем, - ты называеш сябе свабодным духам i ўяўляеш сябе iм? А сам грэшыш балвахвалствам, удзельнiчаеш у розных папоўскiх вычудах?

Сапраўды, што ты ладзiш тут, яшчэ горш за тое, што ты нарабiў з гэтымi нехарошымi чарнамазымi дзяўчатамi! Эх ты, нiкчэмны нявернiк!"

"Так, усё гэта даволi паскудна, - адказваў вандроўнiк, якi называў сябе Заратустравым ценем, - i твая праўда: але я нiчога не магу з гэтым зрабiць! Стары Бог зноў жывы, о Заратустра, што б ты там нi казаў.

Ва ўсiм вiнаваты сама брыдкi чалавек - гэта ён уваскрэсiў яго. Хоць ён i кажа, быццам калiсьцi забiў яго, але смерць багоў - заўсёды забабон".

"А ты, - спытаўся Заратустра, - ты, стары лiхi чарадзей, што ты зрабiў? Хто ў гэты свабодны век паверыць у цябе, калi сам ты вызнаеш гэты боскi аслiзм?

Глупства было тое, што рабiў ты; як ты, такi разумны, мог учынiць такое глупства?"

"О Заратустра, - адказваў вяшчун-чарадзей, - твая праўда, гэта было глупства, i я ўжо паплацiўся за яго".

"А ты, - звярнуўся Заратустра да сумленнага духам, - раскiнь мазгамi i шырэй расплюшчы вочы! Цi не паўстае супроць гэтага тваё сумленне? Цi не надта чысты твой дух для малiтвы i чаднага фiмiяму гэтых святошаў?"

"У гэтым нешта ёсць, - адказваў той, вылупiўшы вочы, - ёсць нешта такое ва ўсiм гэтым спектаклi, што ўлешчвае нават маё сумленне.

Магчыма, я проста не адважваюся верыць у Бога, аднак мне несумненна тое, што ў гэтым вобразе Бог найбольш верагодны.

Паводле сведчання пабожных, Бог вечны: У каго столькi часу, той можа дазволiць сабе не спяшацца. Як мага дурней i павальней - такiм чынам можна зайсцi даволi далёка.

|< Пред. 299 300 301 302 303 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]