Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
38 из 315
Быць злымi - вось што было б iхсапраўдным дабром.
Але яны хочуць выбавiцца ад жыцця; што iм да таго, што яны яшчэ мацней вяжуць сваiмi ланцугамi i дарункамi iншых людзей!
I нават вас, каму жыццё - гэта цяжкая праца i неспакой, хiба вас жыццё не стамiла? Хiба вы яшчэ не выспелi на пропаведзь смерцi?
Усе вы, каму па душы цяжкая праца i ўсё iмклiвае, новае, нязведнае, - вы самi сабе цяжкiя сталi; ваш iмпэт - гэта толькi ўцёкi ад сябе i жаданне забыцца.
Калi б вы болей верылi ў жыццё, вы менш аддавалiся б iмгненнасцi. Але занадта мала ў вас зместу, каб чакаць, i нават каб ленавацца!
Усюды чуюцца галасы прапаведнiкаў смерцi; i поўнiцца зямля людзьмi, якiм патрэбная пропаведзь смерцi.
Альбо "вечнага жыцця": мне ўсё адно - толькi б знiклi яны з улоння зямлi!
Так сказаў Заратустра.
Пра вайну i ваяроў
Ад сама годных сярод ворагаў нашых мы не хочам лiтасцi, а таксама i ад тых, каго мы любiм да глыбiнi душы. Дык жа дазвольце мне сказаць шчырую праўду!
Браты мае па вайне! Я вас люблю ад усяго сэрца; я заўсёды быў адзiн з вас, i цяпер я такi самы. I я - сама годны з вашых ворагаў. Дык жа дазвольце мне сказаць вам шчырую праўду!
Я ведаю нянавiсць i зайздрасць вашага сэрца. Вы не настолькi вялiкiя, каб не ведаць нянавiсцi i зайздрасцi. Няхай жа ў вас будзе досыць велiчы, каб не было брыдка за самiх сябе!
I калi вы не можаце быць апосталамi пазнання, дык будзьце, прынамсi, ваярамi яго. Бо яны - спадарожнiкi i прадвеснiкi апосталаў.
|< Пред. 36 37 38 39 40 След. >|