Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 39 из 315



Я бачу безлiч салдатаў - хацелася б пабачыць безлiч ваяроў! Я бачу салдатаў, аднолькава абмундзiраваных: тое, што яны на сабе носяць, называецца ўнiформай. Хай жа не будзе гэтакi аднастайны змест пад iх унiформай!

Будзьце такiя, як тыя, чыё вока заўсёды цiкуе за ворагам - iхнiм ворагам. Не кожны бо з вас здольны ненавiдзець з першага позiрку.

Свайго ворага вы павiнны шукаць, змагацца на сваёй вайне, за свае перакананнi! Калi ж вашыя перакананнi будуць разбiтыя, няхай вернасць ваша адсвяткуе сваю перамогу!

Любiце мiр як сродак да новай вайны. I мiр кароткi любiце мацней за доўгi.

Не да працы заклiкаю я вас, а да змагання; не да мiру, а да перамогi. Хай будзе праца ваша - змаганне, а мiр ваш - перамога!

Вы кажаце, добрая мэта асвячае нават вайну? А я кажу вам: толькi дабро вайны асвячае ўсякую мэту.

Вайна i мужнасць стварылi больш вялiкае, чым любоў да блiзкага. Не спагада, а адвага ваша ратавала дагэтуль няшчасных.

"Што такое дабро?" - пытаецеся. Дабро - гэта адвага. Хай малыя дзяўчаткi кажуць: "Дабро - гэта тое, што прыгожае i разам з тым кранальнае".

Вас называюць бессардэчнымi: але сэрца ваша шчырае, i я люблю сарамяжлiвасць вашай сардэчнасцi. Вы саромеецеся прылiву чуллiвасцi, iншыя саромеюцца адлiву яе.

Вы брыдкiя? Ну што ж, братове мае! Ахiнiцеся ўзвышаным, апранiцеся ў мантыю брыдкага!

I калi душа ваша робiцца велiчнай, яна робiцца пагардлiвай, i сама яе ўзнёсласць тоiць у сабе лiхату. Я ведаю вас.

У лiхаце сустракаецца пагардлiвец з бяссiльцам. Але яны не разумеюць адзiн аднаго. Я ведаю вас.

|< Пред. 37 38 39 40 41 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]