Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
60 из 315
Прыняўшы рукi з твару, ён убачыў гадзюку; а тая пазнала Заратустравы вочы, сумелася i ўжо хацела была адпаўзцi.
"О не, - сказаў Заратустра, - яшчэ не аддзячыўся я! Ты ў час разбудзiла мяне, яшчэ далёкая ў мяне дарога".
"Твая дарога ўжо недалёкая, - журботна адказала гадзюка, - мой яд забiвае".
Заратустра ўсмiхнуўся. "Калi гэта памiраў дракон ад змяiнага яду? запярэчыў ён. - Вазьмi ж свой яд назад! Ты не такая багатая, каб дарыць яго мне". Тады гадзюка абвiлася вакол яго шыi i злiзала з раны яго.
Калi Заратустра расказаў пра гэта сваiм вучням, яны спыталiся ў яго: "У чым жа, Заратустра, мараль тваёй прыпавесцi?" I ён адказаў так:
"Разбуральнiкам маралi называюць мяне добрыя i праведныя: мараль прыпавесцi амаральная.
Менавiта ж: калi ёсць у вас вораг, не плацiце яму за зло дабром, бо гэта пасаромiць яго. Наадварот, пераканайце яго, што ён зрабiў вам дабро.
Лепей разгневацца, чым пасаромiць! I мне не падабаецца, што вы гатовыя дабраслаўляць, калi вас праклiнаюць. Лепей таксама крыху праклясцi!
I калi спасцiгла вас вялiкая несправядлiвасць, адразу адкажыце на яе пяццю малымi! Агiдна глядзець на таго, каго несправядлiвасць гняце толькi аднаго.
Цi вядома вам гэта? Падзеленая несправядлiвасць - гэта ўжо напалову справядлiвасць. I толькi той павiнен браць на сябе несправядлiвасць, каму па сiле несцi яе!
Маленькая помста больш чалавечная за нiякую. I калi кара не ёсць гонар i права злачынцы, дык навошта мне вашыя кары.
|< Пред. 58 59 60 61 62 След. >|