Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 58 из 315



Калi сёння, на захадзе сонца, iшоў я адзiн сваёй дарогаю, сустрэлася мне старэнькая бабка, i як бы звярнулася да маёй душы:

"Пра многае сказаў Заратустра i нам, жанчынам, але нiчога не сказаў пра жанчыну".

I я запярэчыў ёй: "Гаварыць пра жанчыну трэба толькi з мужчынамi".

"Пагавары пра жанчын i са мною, - папрасiла яна, - я ўжо даволi старая, так што адразу i забудуся".

I я ўмiлажалiўся са старое i сказаў так: усё ў жанчыне - загадка, i на ўсё ёсць адна разгадка: гэта - цяжарнасць.

Мужчына ў жанчыны - сродак; мэта заўсёды - дзiця. А што такое жанчына ў мужчыны?

Дзвюх рэчаў хоча сапраўдны мужчына - небяспекi i гульнi. I таму патрэбна яму жанчына, як сама небяспечная цацка.

Мужчына павiнен быць выхаваны для вайны, а жанчына - для выхавання воiна; усё астатняе - лухта.

Занадта салодкiх пладоў не любiць воiн. Таму i любiць ён жанчыну: горкая яму найсаладзейшая жанчына.

Жанчына разумее дзяцей лепш за мужчыну, але ў мужчыне дзiцячага больш, чым у жанчыне. У сапраўдным мужчыне заўсёды схавана дзiця: яно хоча гульнi. Знайдзiце ж у iм дзiця, жанчыны!

Хай будзе жанчына цацкаю, чыстай i далiкатнай, быццам каштоўны камень, якi блiшчыць цнотамi яшчэ не створанага свету.

Хай зорны прамень ззяе ў каханнi яе! Хай будзе яе недзеяй: "О,калi б мне нарадзiць Звышчалавека!"

Хай адвага будзе ў каханнi яе! Каханнем яна пераможа таго, хто ёй страшны.

Хай будзе гонар у каханнi яе! Зрэшты, жанчына мала глуздуе ў гонары. Хай жа стане гонарам яе - кахаць заўсёды мацней, чым кахаюць яе, i ў каханнi нiколi не быць другою.

Мужчына хай асцерагаецца жанчыны, калi яна кахае: яна iдзе на любыя ахвяры, усё астатняе ў яе не мае вартасцi.

|< Пред. 56 57 58 59 60 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]