Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
76 из 315
Бог - гэта здагадка; але хто выпiў бы ўсю пакуту гэтай здагадкi i не памёр бы? Няўжо трэба адабраць веру ў таго, хто творыць яе, забаранiць арлу лунаць у арлiных вышынях?
Бог - гэта думка, якая ўсё простае робiць крывым i ўсё, што стаiць - каб круцiлася. Як? Значыцца, i сам час адкiнуць, i ўсё, што мiнушчае, лiчыць маною?
Думаць такое - гэта вiхура i крутня касцей чалавечых i ванiты страўнiка: сапраўды хваробай крутнi я называю такiя загадкi.
Пахiбным i варожым чалавеку я называю гэта вучэнне пра адзiнае, i цэльнае, i нерухомае, I сытае, i нязбытнае!
Усё нязбытнае - гэта толькi сiмвал! А паэты занадта многа iлгуць...
А пра час i станаўленне павiнны гаварыць сама высокiя сiмвалы: яны павiнны хвалiць усё збытнае i быць апраўданнем яму!
Стварэнне - гэта найбольшае збавенне ад цярпенняў i палёгка жыцця. Але каб явiўся стваральнiк, патрэбныя цярпеннi, i многае ў жыццi павiнна перамянiцца.
Так, шмат горычы памiрання павiнна быць у вашым жыццi, стваральнiкi! Так рабiцеся заступнiкамi збытнага i нясiце апраўданне яму.
Каб сам стваральнiк зрабiўся дзiцём, якое толькi што нарадзiлася, яму трэба зрабiцца парадзiхай i перацерпець пакуты яе.
Праўду кажу вам, праз сотнi душ прайшоў я дарогай сваёй, праз сотнi калысак i радзiльных патугаў. Колькi разоў расставаўся я i ведаю апошнiя гадзiны родавых енкаў.
Але так ужо хоча мая стваральная воля, мой лёс.
|< Пред. 74 75 76 77 78 След. >|