Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
84 из 315
I чуўся мне голас яе: "Яны яшчэ хочуць, каб iм заплацiлi!"
Вы, цнатлiвыя, хочаце, каб вам яшчэ й заплацiлi! Хочаце платы за цноту, i неба за зямлю, i вечнасць за вашае "сёння"?
I цяпер абураецеся мною, калi я вучу, што няма таго, хто плацiў бы? I сапраўды, я нават не вучу, што цнота сама па сабе ўжо ёсць плата.
Ах, вось што мяне засмучае: за аснову ўсiх рэчаў прымаецца iлжа - плата i кара, а цяпер гэта ўсё i ў аснове вашых душаў, цнатлiўцы!
Але, як дзiковыя iклы, словы мае распоруць асновы вашых душаў; я хачу быць вам плугам.
Усё запаветнае вашых асноваў павiнна выйсцi на святло; i калi ўспоратыя i зламаныя вы будзеце ляжаць на сонцы, ваша iлжа аддзелiцца ад праўды.
Бо ваша праўда вось у чым: вы надта чыстыя для бруду такiх слоў, як помста, кара, плата, адплата.
Вы любiце вашую цноту, як мацi сваё дзiця; але дзе вы такое чулi, каб мацi хацела платы за сваю любоў?
Тое, што вы ў сабе любiце найбольш, якраз i ёсць ваша цнатлiвасць. У вас ёсць прага колца: каб дагнаць само сябе, дзеля гэтага круцiцца i абарочваецца кожнае колца.
I на зорку, якая ўжо гасне, падобныя ўсе ўчынкi вашае цноты; святло яе недзе яшчэ ў дарозе i блукае ў прасторы, - i калi ж яно ўжо будзе не ў дарозе?
Так i святло вашае цноты ўсё яшчэ ў дарозе, нават калi ўчынак ужо адбыўся. Хай сабе ён ужо забыўся, ужо мёртвы: святло яго ўсё яшчэ блукае ў прасторы.
|< Пред. 82 83 84 85 86 След. >|