Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
94 из 315
I цяпер я хачу, славутыя мудрацы, каб вы зусiм скiнулi з сябе iльвiную скуру!
Плямiстую скуру драпежнага звера i калматы хiб даследчыка, шукальнiка i заваёўнiка!
Ах, каб хутчэй паверыў я ў вашую "шчырасць", вы павiнны спачатку зламаць у сабе волю да пакланення.
Шчырым я называю таго, хто iдзе ў пустэльню бязбожнасцi i там скрушвае сэрца сваё, гатовае да пакланення.
Сярод жоўтых пяскоў, пад скварным сонцам, касавурыцца ён, смяглы, на крынiчныя аазiсы, дзе ўсё жывое раскошуе ў халадку.
Але i смага не можа прымусiць яго прыпадобнiцца да гэтых самазадаволеных: бо, дзе аазiсы, там i iдалы.
Галодным, самотным, бязбожным: такiм яму быць накануе iльвiная воля.
Свабодным ад шчасця раба, вызваленым з-пад божышчаў i пакланенняў, страханосным i бясстрашным, вялiкiм i самотным: гэта воля шчырага.
У пустынi заўсёды жылi шчырыя, свабодныя духi, жылi валадарамi пустынi; а ў гарадах жывуць славутыя мудрацы - укормленыя ўючныя жывёлы.
Заўсёды цягнуць яны, як аслы, тачку народа.
Не тое каб я на iх гневаўся: для мяне яны заўсёды застануцца слугамi ў збруi, нават калi яна зiхацiць золатам.
I часта яны былi добрыя слугi, вартыя пахвалы. Бо цнота кажа так: "Калi ты хочаш быць слугою, пашукай таго, каму твая служба будзе найбольш карысная!
Дух i цнота гаспадара твайго павiнны ўзрастаць таму, што ты ягоны слуга: так i сам ты росцiшся разам ягоным духам i ягонаю цнотаю".
|< Пред. 92 93 94 95 96 След. >|