Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 95 из 315



Далiбог, так, славутыя мудрацы, слугi народа! Вы ўзрасталi разам з духам i цнотай народа - i народ узрос праз вас! Да гонару вашага кажу я вам гэта!

Але народ застаецца для мяне ў вашай цноце, народ з дурнымi вачыма, народ, якi не ведае, што такое дух!

Дух ёсць жыццё, якое само пажынае жыццё; сваёю ж пакутаю памнажае яно сваё веданне: цi ведалi вы ўжо гэта?

I шчасце духу ў тым, каб быць памазанцам i ахвярнаю жывёлаю, асвечанай слязьмi: цi ведалi вы ўжо гэта?

Слепата сляпога i яго шуканне навобмацак сведчаць пра сiлу сонца, на якое ён зiрнуў: цi ведалi вы ўжо гэта?

Трэба, каб спазнавальнiк навучыўся будаваць гарамi! Мала, што дух перастаўляе горы, - цi ведалi вы ўжо гэта?

Вы ведаеце толькi iскры духу, але не бачыце, што ён - кавадла, не бачыце вусцiшнасцi ягонага молата!

Далiбог, вы не ведаеце гордасцi духу! Але яшчэ больш невыноснай была б вам яго ўпакоранасць, калi б яна захацела загаварыць!

I вы яшчэ нi разу не асмелiлiся ўкiнуць ваш дух у снежную яму: бо вы недастаткова гарачыя! Таму вы i не ведаеце асалоды ягонага холаду.

Ва ўсiм вы з духам вельмi даверлiвыя i з мудрасцю часта абыходзiцеся так, нiбыта яна багадзельня i лякарня для бедных i благiх паэтаў.

Вы не арлы: i таму вы не зведалi шчасця ў жудасцi духу. А хто не птах, таму не дадзена адпачываць над прорваю.

Вы цёплыя: а крынiцы ўсякiх глыбокiх ведаў - халодныя. Сцюдзёныя, як лёд, сама глыбокiя вытокi духу - асалода рукам, гарачым дзеям.

Вы стаiце перада мною, ганарыстыя, з несагнутымi спiнамi, славутыя мудрацы! Нi моцны вецер, нi магутная воля не ўзрушваюць вас.

|< Пред. 93 94 95 96 97 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]