Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 98 из 315



Вось i ноч: каб я быў святлом! I прагаю Начнога! I самотнасцю!

Вось i ноч: быццам крынiца, лiецца з мяне жаданне гаварыць.

Вось i ноч: гавораць толькi струменi крынiчныя. I душа мая - струмянiстая крынiца.

Вось i ноч: толькi цяпер прачынаюцца песнi закаханых. I душа мая - песня закаханага.

Так спяваў Заратустра.

Скочная песня

Аднаго разу ўвечары iшоў Заратустра са сваiмi вучнямi праз лес; i, шукаючы крынiцу, выйшаў на зялёную лугавiну сярод дрэў i кустоўя: там скакалi дзяўчаты. Пазнаўшы Заратустру, яны перасталi танцаваць, а ён падышоў да iх з прыветлiвым тварам i сказаў:

"Скачыце сабе, скачыце, мiлыя дзяўчаткi! Не ненавiснiк забаваў са злымi вачыма, не вораг дзяўчат прыйшоў да вас.

Я - заступнiк Бога перад д'яблам, якi ёсць Дух Цяжару. Як жа мне, рэзваногiя, не любiць боскiх скокаў? Альбо прыгожых дзявочых ножак?

Праўда, я - лес i ноч цёмных дрэў: але хто не баiцца мораку, той знойдзе ружоўнiк пад маiмi кiпарысамi.

I спаткае маленькага бажка, наймiлейшага дзяўчатам: цiха спiць ён каля крынiцы, самкнуўшы павекi.

Вось як, сярод белага дня заснуў ён, гультай!

Мабыць, удосыць нагойсаўся за матылькамi?

Не сярдуйце на мяне, красунi-танцоркi, калi я крышачку пакараю бажка! Вядома, ён будзе плакаць i крычаць - але ён такi пацешлiвы, нават як плача!

Увесь у слязах ён пачне прасiць вас, каб вы паскакалi; а я паспяваю вам пад ваш танец: песню скочную, песню-смешку з Духа Цяжару - найвышэйшага i наймагутнейшага дэмана, пра якога кажуць, што ён "князь свету".

|< Пред. 96 97 98 99 100 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]