Залаты век Беларуси (на белорусском языке)   ::   Акиньчиц Станислав

Страница: 71 из 99

На Люблiнскiм сойме амаль усе паслы Вялiкага Княства былi кальвiнiстамi цi лютаранамi, а сярод польскай дэлегацыi эвангельскiя хрысьцiяне складалi недзе чвэрць. Нягледзячы на гэта многiя ў Беларусi меркавалi, што прынцыповых зьменаў ва ўнутранай палiтыцы Рэчы Паспалiтай Двух Народаў не прадбачыцца.

Тым часам у Польшчы рэфармацыйны рух пайшоў на спад, i каталiцкая царква пачала пацiху адваёўваць свае пазыцыi. На чале гэтай дзейнасьцi, званай Контррэфармацыяй, сталi езуiты, манаскi ордэн, якi меў сваёй мэтай усталяваньне ўлады каталiцкай царквы на ўсiм сьвеце. У 1569 годзе першыя езуiты прыехалi ў Вiльню па запрашэньнi вiленскага бiскупа Пратасевiча i ў наступным годзе адчынiлi сваю школу. Эвангельскiя цэрквы Вялiкага Княства, у той час вельмi моцныя i пашыраючыя свае ўплывы, проста не заўважылi зьяўленьня ў сталiцы свайго ў недалёкай будучынi найнебясьпечнейшага ворага. Увага ўсiх была засяроджана вакол спрэчак памiж большым i меншым зборамi, i на гэта былi кiнутыя iнтэлектуальныя i матэрыяльныя сiлы эвангельскiх хрысьцiянаў. Аднак самыя дальнабачныя зь лiдараў Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве разумелi неабходнасьць супольных дзеяньняў прадстаўнiкоў розных накiрункаў рэфармацыйнага руху. У сакавiку 1570 году зь iнiцыятывы Мiкалая Радзiвiла Рудога ў Вiльнi была заключана дамова памiж лютаранамi i кальвiнiстамi, якая тычылася ня столькi дагматычных пытаньняў, колькi пытаньняў супрацоўнiцтва, кансультацыяў, узаемнай дапамогi. Прыклад Вялiкага Княства падзейнiчаў, i празь некалькi месяцаў у Сандамiры было заключана падобнае пагадненьне, якое ахоплiвала эвангельскiх хрысьцiянаў усёй Рэчы Паспалiтай.

|< Пред. 69 70 71 72 73 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]