Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 160 из 173



– Тады пабачым, што трэба будзе рабіць. А цяпер скажыце, як вас зваць.

Хлопцы адрэкамендаваліся і ў сваю чаргу спыталіся, як яго зваць і як ён трапіў у рукі гэтых бандытаў.

– Прозвішча маё Саўчук Андрэй Аляксандравіч, – пачаў ён свой расказ. – Служу я ў пагранатрадзе. Гэты чорны жыве на хутары кіламетраў за дзесяць адсюль. Той малады часта прыходзіць да яго з суседняга мястэчка. Аднаго разу мы атрымалі весткі, што гэты чорны (Станоўскім завецца) мае сувязь з кантрабандыстамі. Якраз учора трапіў мне на вочы гэты трэці, незнаёмы чалавек. Ён накіраваўся на хутар. А хутар гэты знаходзіцца ў глушы, наводшыбе. Я пайшоў за ім. Але, відаць, і гэты чорны дзядзька быў не дурны. Ён, відаць, чакаў гэтага госця і прадбачыў, што за ім могуць сачыць. Калі мы ўжо былі недалёка ад хутара, яны абодва накінуліся на мяне, звязалі і па глухіх сцежках прывялі сюды. Мусіць, вы чулі, як яны збіраліся мардаваць мяне, каб даведацца, якім чынам і ад каго мы пра іх даведаліся. Яны думалі забіць мяне, потым таго ці тых, хто сказаў, і гэткім чынам схаваць сляды. Каб не вы, – скончыў ён усхваляваным голасам, – я перацярпеў бы такія пакуты, перад якімі смерць – нішто. Дзякую вам!

– Завошта? – шчыра дзівіўся Віктар. – Хто ж гэтага не зрабіў бы на нашым месцы?!

– Усё ж такі вы рызыкавалі.

– Невялікая рызыка, – сказаў Мірон. – Вы для нас зрабілі болей, як мы для вас. А вось якім чынам вы прабраліся цераз балота? Мы аніяк не маглі знайсці выхада і збіраліся сядзець тут да зімы.

|< Пред. 158 159 160 161 162 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]