Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
29 из 173
– Не скажу і я, каб смачна было. І кусаць другі раз таксама пачакаю. Думаю, пакуль што і гэты кавалак што-небудзь дасць для арганізма. Але ўсё ж такі лічу за лепшае з'есці сырога мяса, чымся паміраць. Ну, смялей!
– Пачакай крыху, паспею, – прамовіў Мірон і зноў палажыў зайца на зямлю.
– Не надта паспееш, – сур'ёзна сказаў Віктар. – Калі доўга будзеш чакаць, то мяса і сапсавацца можа.
– Хоць трошкі пачакаем, – адмаўляўся Мірон, – а пакуль паспрабуем яшчэ іншым спосабам. Я там бачыў добрую палку.
Ён прынёс сухую гладкую альховую палку і падаў Віктару.
– Пастарайся завастрыць яе, а я пайду пашукаю яшчэ што-небудзь.
Віктар, не доўга думаючы, пусціў у ход свае зубы.
– Што ты робіш?! – крыкнуў Мірон і выхапіў палку. – Ты ж замочыш яе! Ты як-небудзь інакш.
Тады Віктар пачаў вастрыць яе аб дрэва, потым уціснуў канец у шчыліну ў дрэве і пачаў круціць. А Мірон пайшоў у лес.
Праз некаторы час ён закрычаў:
– Віктар! Сюды! Хутчэй!
Віктар пабег. Мірон стаяў каля зрэзанага пня і трымаў у руках некалькі шырокіх трэсак.
– Хіба ты не мог без мяне прынесці гэтыя трэскі? – сказаў Віктар.
– Не тое. Зірні, вунь некалькі зрэзаных пнёў.
– Ну дык што ж?
– Значыцца, тут людзі бываюць. Значыцца, мы не на бязлюдным востраве. Значыцца, і выхад павінен быць.
– Гэта, браце, невялікая радасць. Напэўна, гэта магло быць толькі ўзімку, праз возера. А сядзець тут да зімы…
– І то праўда, я забыўся, – збянтэжана адказаў Мірон.
|< Пред. 27 28 29 30 31 След. >|