Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
83 из 173
Спачатку іх падтрымлівала надзея, што вось зараз яны выберуцца, але хутка надзея знікла. Нават Мірон не вытрымаў:
– Гэтак можна швэндацца тут усё сваё жыццё!
– Толькі цяпер я адчуў, які прыемны, прыгожы, прытульны быў наш куток, будан, вогнішча! – сказаў Віктар. – Хадзем назад!
– Хадзем! – згадзіўся Мірон. – Усё роўна сёння не паспеем усяго абысці. Заўтра пачнём з гэтага месца.
Калі вярнуліся назад, было пад вечар ужо. Жар ад вогнішча захаваўся, але ў запасе не было ні ламачча, ні ежы.
Хлопцы былі так стомлены, што ім не хацелася нават варушыцца. Трэба было ісці па галлё, па рыбу, але абодва згадзіліся лепш галадаваць, абы толькі адпачыць, бо і папярэднюю ноч яны амаль не спалі.
Падсушыліся, выпілі «чаю» і зараз жа паляглі спаць.
Прачнуліся на світанні, праспаўшы гадзін адзінаццаць. Затое зноў адчувалі сябе бадзёрымі і вясёлымі. Толькі голад даваў сябе знаць.
Ускінулі на плечы свае дубіны і бягом памчаліся да сажалкі. Наперадзе шпарка бег Віктар, ззаду дыбаў Мірон. Беглі яны па дарозе, якую добра ведалі, таму нават не глядзелі вакол сябе. Вось кусты па беразе іх сажалкі; Віктар ужо абмінуў куст…
Але ў гэты момант адбылося нешта такое, чаго Мірон зусім уразумець не мог.
Пачуўся крык, рэў, стук, і насустрач Мірону выскачыў бледны, бяззбройны Віктар.
– Уцякай! – паспеў ён толькі крыкнуць і паляцеў як страла.
Мірон нават і сам не заўважыў, як ужо імчаўся следам за Віктарам.
|< Пред. 81 82 83 84 85 След. >|