Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 86 из 173



– А мы зараз жа пасля снеданняпойдзем, – адказаў Віктар.

Ён цяпер больш за ўсё цешыўся са сваёй булавы.

– Гістарычная зброя! – казаў ён. – Нават са слядамі мядзведжых зубоў. У музей аддам яе.

Дома не толькі добра паснедалі, але і назапасілі рыбы. Частку засмажылі, а частку падкурылі ды павесілі сушыцца.

Заставалася яшчэ больш гадзіны да поўдня, калі яны рушылі ў дарогу.

Хутка дайшлі да таго месца, дзе спыніліся ўчора, і зноў пачалі свой абход. І зноў пачалася тая самая пакута, зноў пасоўваліся наперад, у балота, і зноў вярталіся назад. Нарэшце падышлі да таго месца, дзе першы раз яны далёка падаліся ў балота.

– Апошняя надзея… – прамовіў Мірон.

Энергічна і ўпэўнена пайшлі хлопцы наперад. Вось ужо і тое месца, дзе яны прымушаны былі павярнуць назад. Далей, дзе раней была вада, цяпер засталося толькі балота.

– Смялей! Смялей! – падбадзёрвалі яны адзін аднаго.

Чапляліся за дрэўцы, пераскаквалі з купінкі на купінку, часам загразалі ў багавінні па пояс, памагалі адзін аднаму. Так яны ўсё пасоўваліся ды пасоўваліся наперад і, нарэшце, вылезлі на сухі бераг.

Уздых вырваўся з грудзей, нібы яны з духаты выйшлі на свежае паветра.

– Вылезлі з гэтага праклятага балота! Хутчэй да якой-небудзь вёскі! Хлеба, хлеба пакаштаваць бы!

Яны павярнулі налева, на поўдзень, і шпарка пайшлі наперад. Лес здаваўся такім самым, як і на іх востраве, мясцовасць нават была вышэйшай, што вельмі цешыла хлопцаў.

|< Пред. 84 85 86 87 88 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]