Страница:
113 из 129
І тады Алесь сказаў голасна і цвёрда, нічога не каментуючы, без ценю сумнення ў тым, што яго могуць не паслухаць. Як сказаў бы Вежа.
— Канвой! Пакласці зброю!
Далейшае адбылося, можа, за нейкую хвіліну, і ніхто, нават сам Алесь, такога не чакаў.
Не чакалі, відаць, і яны, нязвыклыя думаць самі, за многія гады прывучаныя падпарадкоўвацца толькі загаду, толькі чужой, мацнейшай волі. Нават не ёй, а чужому, безапеляцыйнаму голасу.
Парахавы дым яшчэ плыў над калонай. Павольна-павольна.
Была цішыня.
І раптам першы з канвойных, як на аглядзе войск, зрабіў крок наперад.
…Дзынкнула аб брук руля першай стрэльбы.
Упала побач з калонай даволі вялікая бярозавая галіна.
…Другая стрэльба лягла на зямлю… Трэцяя… Чацвёртая… Пятая…
На тварах уладароў была неўразумелая, падцягнутая тупасць. Цалкам аднолькавая ва ўсіх, у той час як нават стрэльбы клаліся на брук па-рознаму: адны — мякка, другія — бразгочучы.
— Кру-гом! — загадаў Алесь.
Ляснулі абцасы.
— Шагам арш!
Першы крок, здаецца, раздрабіў камяні. Потым размерана — як шчоткай па бычыным пузыры — зашоргалі крокі.
Над катаржнымі вісела гнятучая цішыня. Яны збянтэжана глядзелі на канвойных, якія ішлі, як заведзеныя лялькі.
І толькі Алесь бачыў, што ў гэтых ляльках было нешта чалавечае: прыціснутыя да бакоў локці. Патыліцы былі напружаныя, зады малайцаватыя, галовы па-заліхвацку закінутыя.
|< Пред. 111 112 113 114 115 След. >|