Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 114 из 129

І толькі локці, няспрытна прыціснутыя да бакоў, былі чалавечыя. І па іх можна было зразумець што тут не толькі падпарадкаванне, але і боязь атрымаць кулю ў спіну.

Боязь гэтая ўсё ўзрастала. І ў напятай цішыні, што аж звінела ў вушах і сэрцы, Загорскі разумеў, што ўся гэтая «божая благадаць» трымаецца на апошняй нітачцы.

Вось-вось… Вось-вось… Вось-вось…

І, аднак, цішыня трымалася. Гэта былі абставіны, цалкам не прадугледжаныя інструкцыямі. Маглі быць уцёкі — і тады трэба было страляць у спіну. Мог быць бунт — і тады трэба было страляць па калоне. Кайданнік мог ударыць канвойнага — і тады яго ставілі пад першы лепшы мур або ў першым гарадку вадзілі праз тысячу шпіцрутэнаў.

Але не магло, і ніколі не было, і не магло быць нападу на этап. Ніхто нічога не разумеў нават цяпер. Напад! У мірны час! І не ў нетрах, а тут, ледзь не на ўскраіне Масквы.

Салдаты зрабілі крок якраз да яе. Аненгофскім гаем, у гарачай смузе выпарэнняў, далёка-далёка, як абманка на дне закуранага таза ў золаташукальніка, гарэлі шматлікія бліскаўкі яе купалоў.

Гэтага не магло быць.

І ўсё ж цішыня звінела на адной нітачцы.

Вось-вось… Вось-вось… Вось-вось…

— Стой! Кладзіся!

Крок наперад… Рукамі ў зямлю… Правыя ногі паўзуць назад… Ляглі…

У дзесяцёх кроках ад катаржнай калоны ляжала на зямлі няроўная літара «П». Алесь разумеў, што паклаў іх занадта блізка, але нельга, немагчыма было цягнуць далей напятую цішыню.

|< Пред. 112 113 114 115 116 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]