Страница:
36 из 129
Чыўін спытаў у яе ўскосна, ці можа ён дабіцца прыхільнасці вельмі магутнага ў заходнім краі чалавека, і, без адзінага пытання, без адзінага слова, атрымаў бласлаўленне на гэты крок.
Урэшце ён мог бы абысціся нават і без гэтага.
…Яны выйшлі на вуліцу. Іллінка была даволі пустая. Толькі з боку мізэрнага будынка старой біржы ехала некалькі багатых рысакоў: відаць, купцы везлі ў Наватроіцкі тракцір нейкага прыезджага іншаземца. Ніводны такі, калі быў значнай асобай, не мінаў лепшага з маскоўскіх тракціраў.
«Вялікі Маскоўскі», гурынскі, славіўся найлепшай кухняй і дзівосным квасам, «Цестаўскі», што ў доме Патрыкеева, лепшым аркестрыёнам, тракцір Ягорава, што ў Ахотным радзе — адсутнасцю тытунёвага дыму, непараўнальным кітайскім «лянсінам» і «варонінскімі», лепшымі ў свеце блінамі.
Але такога расейскага, такога багатага і, адначасова, утульнага тракціра, як Наватроіцкі, больш не было. У гэтым сэнсе ён быў па-за канкурэнцыяй.
…Ля музычнага магазіна Паўла Ленгольда стаяў з коньмі Макар. З магазіна даляталі шчымлівыя гукі гітары (у Ленгольда, каб пакупнікі ведалі, чаго яны могуць дасягнуць, граў калісьці славуты гітарыст Высоцкі, а цяпер новыя гітарысты з лепшых).
— То паедзем, — сказаў Чыўін. — Давай, княжа, так зробім. Паедзем зараз Праломнай брамай. Да гэтага паглядзіш на сталёвы гандаль ля Багаяўленскага манастыра, на гандаль Старой Плошчы. Потым паедзем на Кузнецкі. Адтуль — у Старыя рады. Як ты кажаш, каўбасу звяжам. А потым — на Балчуг, там таксама гандаль.І на гэтым сёння скончым.
— Давай.
|< Пред. 34 35 36 37 38 След. >|