Адступник, або Затлумлёны дух (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
12 из 23
Мяне раздзелi, пагалiлi галаву i цела, абмылi алеем i пачалi сцябаць па твары вяроўкамi, умочанымi ў соль i ваду, а я смяяўся i адварочваў галаву, але кожны раз дзве жанчыны бралi мяне за вушы i падстаўлялi мой твар пад удары шамана, у якога я бачыў адноквадратныя вочы i ўвесь час смяяўся, захлынаючыся крывёй. Потым яны раптам спынiлiся, нiхто не гаварыў, апроч мяне, у маёй галаве пачыналася каша, а яны паднялi мяне i прымусiлi ўзняць вочы на фетыш, я больш не смяяўся. Я ведаў, што цяпер я адданы яму - каб яму слугаваць i каб iм захапляцца, я больш не смяяўся, о не, я задыхаўся ад страху i болю. I вось тады, там, у гэтай белай хацiне, за гэтымi сценамi, якiя звонку старанна палiла сонца, са скажоным аблiччам i знямоглаю памяццю, я паспрабаваў, але, паспрабаваў памалiцца фетышу, ва ўсiм свеце быў толькi ён, i нават ягоны жахлiвы твар быў меней жахлiвы за ўсё астатняе ў свеце. I тады яны звязалi мне ногi па шчыкалатках вяроўкай, даўжынёй на звычайны крок, i зноў пачалi скакаць, але цяпер ужо перад фетышам, а настаўнiкi выйшлi адзiн за адным.
Калi ж дзверы за iмi зачынiлiся, музыка зайграла зноў, а шаман запалiў з кары вогнiшча i пачаў скакаць i тупаць вакол, высока задзiраючы ногi, доўгi абрыс ягонага цела ламаўся ў кутах белых сцен, дрыжаў на iх роўных паверхнях, напаўняў увесь пакой трапяткiмi ценямi. У адным куце ён накрэмзаў чатырохкутнiк, i жанчыны зацягнулi мяне туды, i я адчуваў на сябе iх сухiя i мяккiя рукi, i яны паставiлi перада мной мiсу з вадой i насыпалi кучку зерня, а потым паказалi на фетыш, i я зразумеў, што мушу ўвесь час глядзець на яго i не зводзiць вачэй.
|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|