Адступник, або Затлумлёны дух (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
10 из 23
А я ўсё стаяў, на каленях, i бачыў адно iх блiскучыя ад солi ногi ў чырвоных i чорных вятроўках, што вынырвалi з-пад доўгiх i змрочных халатаў, крыху задзiраючы падол, падымаючы насок, лёгка стукаючы абцасам аб глебу, i калi пляц апусцеў, мяне пацягнулi ў дом фетыша.
Як сёння пад гэтай скалой, калi сонца свiдруе каменную глыбу над маёй галавой, я доўгiмi днямi сядзеў на кукiшках у доме фетыша, крыху вышэйшым за iншыя, абгароджаным плотам з солi, без вокнаў, ахiнутым у iскрысты змрок. Доўгiмi днямi мне прыносiлi пiць толькi мiсу гаркава-салёнай вады i кiдалi, нiбыта курыцы, жменю зерня, якое я збiраў па драбочку. Удзень дзверы былi заўсёды зачыненыя, але цемра ўсё роўна крыху святлела, нiбы неадольнаму сонцу ўдавалася прасачыцца праз тоўстыя салявыя муры. Не было нiякай лямпы, нi каганца, але сунучыся навобмацак уздоўж сцен, я адчуваў пад пальцамi нiзкi сухога пальмавага лiсця, якое ўпрыгожвала пакой, i ўглыбiнi - маленькiя, груба абчасаныя дзверы з ледзь прыкметнаю ручкай. Доўгiмi днямi пазней, калi я ўжо не мог злiчыць нi начэй, нi гадзiн, але зерне мне кiдалi ўжо не менш за дзесяць разоў, i я ўжо паспеў сабе выскрабцi ямiну пад нечыстоты, якiя марна прысыпаў, бо вакол усё роўна тхнула бярложным смуродам, але многа пазней дзверы раптам шырока расчынiлiся, i яны ўвайшлi.
Адзiн рушыў да мяне. Я сядзеў на кукiшках у куце, адчуваючы, як шчокi мне палiць соль, i, дыхаючы пыльным пахам пальмавых лiсцяў, глядзеў на яго. Ён спынiўся за метр ад мяне i доўга моўчкi ўзiраўся мне ў твар, знак - i я ўстаў, ён зноў глядзеў на мяне сваiмi блiскуча-абыякавымi металiчнымi вачыма на конскiм смуглявым твары, потым падняў руку.
|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|