Адступник, або Затлумлёны дух (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
8 из 23
Я слепнуў такiмi днямi, калi нерухомае вогнiшча нястомна шугала i трашчала над белымi дахамi, якiя, здавалася, лезлi адзiн на адзiн, злiтоўвалiся, нiбыта ў той дзень, калi, ужо вельмi даўно, яны ўсёй талакой накiнулiся на салявую гару, спачатку зраўнялi яе, а потым, у суцэльным каменнi, прарэзалi вулiцы, нутро дамоў i вокны цi нiбыта - але, так будзе нават слушней, - нiбыта яны выразалi сваё белае пякучае пекла струменем кiпеню, толькi каб паказаць, што здольныя жыць там, дзе нiхто нiколi не здолее, за трыццаць дзён да ўсяго жывога, у гэтай лагчыне сярод пяскоў, дзе паўдзённая спёка не дазваляе нiякага кантакту памiж людзьмi, будуе мiж iмi краты з нябачнага полымя i вадкiх дымлiвых крышталёў, а начны холад настае так знянацку, што адразу выстуджвае iх каменна-салявыя ракавiны i прымушае раптам застыць аднаго за адным гэтых чорных эскiмосаў, начных жыхароў перасохлага лядовага берага, што трасуцца ў сваiх настылых скрынях-iглу. Яны чорныя, так, яны чорныя, бо заўсёды носяць доўгую чорную вопратку, i соль, якая праела iх да самых пазногцяў, якую яны горка комчаць доўгiмi начамi падчас свайго палярнага сну, соль, якую яны п'юць разам з вадою з адзiнай крынiчкi, выскрабенай у блiскучай каменнай зямлi, пакiдае на iх змрочных сутанах рагi, падобныя да слiмаковых дарожак пасля дажджу.
Дождж, о ўсявышнi, адзiны сапраўдны, доўгi i ўпарты дождж з твайго неба! I тады, нарэшце, гэты пачварны горад, неўпрыкмет падмыты вадой, пацiху асядзе i, немiнуча, растане ўвесь, цалкам, сплыве студзянiстым патокам, знясе ў пясок сваiх бязлiтасных жыхароў. Адзiны сапраўдны дождж, о ўсявышнi! Ды дзе, якi ўсявышнi, усявышнiя тут - яны! Яны пануюць над усiм, над сваiмi бясплоднымi хатамi, над чорнымi рабамi, якiх прымушаюць памiраць у сваiх шахтах, кожная салявая пласцiна каштуе жыцця чалавеку ў гэтых паўдзённых краях, яны праходзяць, маўклiвыя, завiнутыя ў свае жалобныя тогi, у мiнеральнай белi вулiц, i калi апускаецца ноч i ўвесь горад здаецца малочнаю зданню, з пахiлаю галавой, яны ўваходзяць у сутонне сваiх дамоў, дзе соль квола зiхцiць на сценах. Яны спяць, спяць бязважкiм сном, а калi пачынае днець, яны прачынаюцца i адразу выносяць свой вырак, i б'юць, i кажуць, што толькi яны - той адзiны народ, што толькi iх бог - сапраўдны i падпарадкоўвацца трэба яму.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|