Адзинокае дрэва (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
2 из 5
Затое ж крумкач калi што скажа, то скажа праўду. Затым жа i вароны паважаюць яго, як бiскупа.
Была тут яшчэ адна важная асоба, без якой не адбывалася нiводная тутэйшая справа. Асоба гэта - Ручаёк. I часта, бывала, iшла жывая гутарка мiж Ветрам, Дрэвам i Ручайком, а крумкач, начуючы тут, любiў паслухаць iх гаворку i сам нават устаўляў сваё мудрае слова.
А што было ўсяго найдзiўней, дык гэта тое, што як Вецер, так i Ручаёк крэпка палюбiлi адзiнокае Дрэва; па гэтай прычыне нiколi не было згоды мiж Ветрам i Ручайком. Кажу "палюбiлi", бо iначай трудна назваць iх такую шчырую прыхiльнасць.
Але трэба памятаць, што бадай не кожная рэч мае два бакi: паказны i праўдзiвы.
Можа, гэта з паказнога боку здавалася, што Ручаёк з Ветрам моцна ўкахалiся ў Дрэва. Няхай аб гэтым судзяць мудрыя i кемныя людзi, а я толькi раскажу, як усё тут было.
Вясной i ўлетку часта-часта прылятаў Вецер да Дрэва, абымаў яго i сваiмi пацалункамi асушаў роску з зялёнага лiсця яго.
- Як я люблю цябе, маё ты мiлае i прыгожае! - гаварыў Вецер. - Ты слухай толькi мяне i больш нiкога, пакладзiся на маю свядомасць, на сiлу маю, на маё моцнае каханне. Можа, холадна табе? Я праганю хмары, ачышчу неба i скажу сонцу, каб грэла цябе. Люблю я дзетак тваiх, бо твае дзеткi - мае дзеткi.
I Вецер прынiкаў да яго яшчэ цясней i абымаў яго моцна-моцна.
Дрэва ўсё дрыжэла не то з радасцi, не то ад трывогi i асыпала сваё насенне. Вецер падхоплiваў яго i нёс далёка-далёка. За доўгiя часы ён многа занёс у свет гэтага насення.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|