Адзиноки курган (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 2 из 4

Залятаў сюды вечарамi бяздомнiк бусел, якому не давялося знайсцi сабе дружачку або якi страцiў яе, калi яна была ў яго. На верхавiне кургана ён часта начаваў, падзяляючы адзiноту маўклiвага волата, - курган быў высокi, магутны. Як апавядае легенда аб гэтым кургане, у яго было сваё асабiстае жыццё. Яно звязвала яго з зямлёю i з небам. Толькi людзi не ведалi пра гэта.

У адну ясную ноч, калi неба ўсё было ўсеяна зорамi, адзiнокi курган заўважыў, што з недасяжнай нябеснай вышынi над iм свецiцца яркая, блiскучая, нiбы дыямент, прамянiстая зорка. Яна бесперастанку мiгацела дзiвосным бляскам, пералiвалася разнастайнымi, як вясёлка, колерамi праз лёгкую туманнасць, нiбы вока праз раснiцы самай прыгожай дзяўчыны ў свеце. Свяцiлася яна незлiчоныя гады, калi i кургана не было на свеце. Яна зачаравала яго, i ён не зводзiў з яе свайго позiрку. У кожную ясную ноч, калi запальвалася цудоўная зорка ў далёкiм небе, адзiнокi курган толькi i бачыў адну яе, толькi пазiраў на яе. Удзень, калi зоры пагасалi, ён жыў думкамi аб зорцы, што свяцiлася над iм з глыбiнi бяздоннага неба. Сумаваў старадаўнi адзiнокi курган, чаму такая далёкая-далёкая адлегласць, непераадольная, непраходная аддзяляе яго ад зоркi. Але сумоту таiў ён глыбока ў сваiм нутры. Ён дужа засмучаўся, калi над зямлёю наплывалi хмары i засланялi сабою неба i далёкiя зоры на iм. Тады ён быў хмуры, невясёлы, пануры. Яго сумоту злёгку разганяў паважны бусел, што прылятаў каратаць з iм ночы. Часамi ў iх i гутарка сякая-такая вялася, хоць, праўда, маўклiвая.

|< Пред. 1 2 3 4 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]