Апэрацыя Прусаки (на белорусском языке) :: Орлов Владимир (2)
Страница:
3 из 4
I ўсё-ткi на кожнага, хто прыехаў хаваць Паэтку, прыпала, здаецца, ня больш, чым па двое падсуседзяў. Далiбог, гэта былi неблагiя суадносiны, i няхай выбачаюць тыя, каго я не ўзгадаю.
З Наваполацку прыехаў iнжынэр Вiнцэсь Мудроў, зь Менску - археолягi Iгар Чарняўскi й Валеры Шаблюк, а таксама дырэктар акадэмiчнага Музэю старажытнабеларускае культуры Вольга Церашчатава з каляжанкамi. Вянок ад Саюза пiсьменьнiкаў Беларусi прывезьлi Вольга Iпатава й Адам Мальдзiс. З Гораднi прыехала Данута Бiчэль зь сябрамi, з Жлобiна - былы лягернiк Мiкола Канаш, якога мы зь Вiнцэсем (даруйце нам, Мiкола Iмполевiч) прынялi ў цягнiку за чалавека з канторы.
Сапраўдныя ж людзi ў цывiльным прыбылi на машынах зь менскiмi, гарадзенскiмi й берасьцейскiмi нумарамi. Яны няўтомна шпацыравалi па вулiцы, хадзiлi пад вокнамi, згуртаваным натоўпам стаялi ў часе адпяваньня нябожчыцы ў царкве, перапiсвалi зьвесткi аб прыежджых у зэльвенскiм гатэльчыку. Ня ведаю, чаго ў падсуседзкiх позiрках было болей: удзячнасьцi да нас, "недобитых националистов", што неяк пацьвярджалi неабходнасьць iхняга йснаваньня i дапамагалi атрымлiваць новыя званьнi i ўзнагароды, гэтае ўдзячнасьцi, або прыкрасьцi, што "главная националистка" i тут нашкодзiла: памерла акурат так, каб у iх прапалi выхадныя.
Далiкатнасьць падсуседзяў ня ведала межаў.
|< Пред. 1 2 3 4 След. >|