Дзённик (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
19 из 26
I не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не эўрапейская дзяржава, дзе iнтэлектуальныя асаблiвасцi чалавека робяць яго жыццё арганiзаваным. А ў нас азiятчына. Падхалiмства, хабарнiцтва, чыноўнiцтва, паклёпнiцтва - за апошнiя годы паднялося на вялiкую вышыню. Колькi нашай iнтэлiгенцыi без дай прычыны гнiе ў турмах i на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гiну i не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сiлы мае трацяцца i марнуюцца без карысцi. Доўгiя годы мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабiць тое, што мне трэба рабiць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбiральнi, краду дровы, дастаю з дошчак цвiкi, мыю сваю парваную i вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вiнавата. Тут многа ад хамства. Апарат НКГБ i тысячы чыноўнiкаў займаюць увесь горад - яны ўмеюць i любяць рваць адзiн аднаго i ўсiх за горла, а я гэтага не ўмею рабiць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькi праменьчык дзённага святла ў вакно i мучуся ў пограбе. Божа, напiшы за мяне мае раманы, хiба так малiцца, цi што?
Каментары
Упершыню апублiкаваны ў часопiсе "Полымя", 1965, № 4, амаль на цэлую трэць скарочаны рэдактурай i цэнзурай. Публiкацыю суправаджаў грунтоўны артыкул С.Александровiча, даследчыка жыцця i творчасцi К.Чорнага. Яшчэ больш (амаль удвая) скарочаны тэкст "Дзённiка" ў 8-м томе Збору твораў: хрушчоўская "адлiга" змянiлася брэжнеўскiмi "прымаразкамi".
Друкуецца паводле часопiса "Полымя" (1988. № 4. С.155-163), дзе апублiкаваны без скарачэнняў (публiкацыя Р.Раманоўскай).
|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|