Казки (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
78 из 92
Рыкi-Цiкi ажно ўвесь дрыжаў ад абурэння i злосцi.
У адтулiну прасунулася галава Нага, а за ёй i ўсе пяць футаў яго халоднага тулава. Рыкi-Цiкi хоць i быў разлютаваны, але ўсё ж жахнуўся, калi ўбачыў, якая вялiзная гэта кобра. Наг скруцiўся ў кальцо, падняў галаву i прыглядаўся да цемры ваннага пакоя - Рыкi-Цiкi мог бачыць, як цьмяна паблiскваюць яго вочы.
"Калi я заб'ю яго цяпер, - меркаваў Рыкi-Цiкi, - пра гэта зараз жа даведаецца Нагайна. Бiцца ж у адкрытым месцы мне вельмi нявыгадна: Наг можа мяне адолець. Што мне рабiць?"
Наг пагойдваўся ўправа i ўлева, а потым Рыкi-Цiкi пачуў, як ён п'е ваду з вялiкага збана, якiм карысталiся, налiваючы ванну.
- Цудоўна! - сказаў Наг, прагнаўшы смагу. - У Вялiкага Чалавека быў кiй, калi ён выбег, каб забiць Карайт. Можа, гэты кiй пры iм i цяпер. Але калi сёння ўранку ён прыйдзе сюды мыцца, ён будзе, вядома, без кiя... Нагайна... ты чуеш мяне?.. Я пачакаю яго тут у халадку да ранiцы.
Нагу нiхто не адказаў, i Рыкi-Цiкi зразумеў, што Нагайна адпаўзла. Наг абвiўся вакол вялiкага збана каля самай падлогi i заснуў. А Рыкi-Цiкi стаяў цiха, як смерць. Праз гадзiну ён пачаў пасоўвацца да збана - мускул за мускулам. Рыкi прыглядаўся да шырокай спiны Нага i думаў, куды ўшпiлiцца зубамi.
"Калi я ў першы ж момант не перакушу яму шыю - у яго ўсё яшчэ хопiць сiлы змагацца са мной, а калi ён пачне змагацца - о, Рыкi!.."
Ён паглядзеў, якая тоўстая шыя ў Нага, - не, яму з гэткай шыяй не справiцца. А грызнуць дзе-небудзь блiжэй да хваста - толькi яшчэ горш раззлаваць ворага.
|< Пред. 76 77 78 79 80 След. >|