Казки (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 85 из 92



- Наг размахваў мной ва ўсе бакi, але не мог скiнуць мяне з сябе! Ён ужо быў нежывы, калi Вялiкi Чалавек рассек яго кiем на дзве часткi. Забiў яго я, Рыкi-Цiкi-чк-чк! Выходзь жа, Нагайна. Выходзь i бiся са мной. Табе нядоўга асталося быць удавой!

Нагайна ўбачыла, што Тэдзi ёй ужо не забiць, а яйка ляжыць у Рыкi-Цiкi памiж лапамi.

- Аддай мне яйка, Рыкi-Цiкi... Аддай мне маё апошняе яйка, я пайду i не вярнуся нiколi, - сказала яна, апускаючы свой капюшон.

- Так, ты пойдзеш i нiколi не вернешся, Нагайна, бо табе хутка ляжаць побач з тваiм Нагам на сметнiку. Хутчэй жа змагайся са мною. Вялiкi Чалавек пайшоў па стрэльбу ўжо. Змагайся ж са мною, Нагайна!

Рыкi-Цiкi бегаў кругом Нагайны на такой адлегласцi, каб яна не магла яго зачапiць, i яго маленькiя вочкi былi, як гарачае вуголле.

Нагайна скруцiлася ў клубок i з усёй сiлы наляцела на яго. А ён адскочыў угору - i назад. Зноў, i зноў, i зноў паўтаралiся яе напады, i кожны раз яе галава стукалася з размаху аб цыноўку, i яна зноў скручвалася, як пружына ў гадзiннiку. Рыкi-Цiкi танцаваў па крузе, жадаючы абысцi яе ззаду, але Нагайна кожны раз паварочвалася, каб сустрэць яго тварам у твар, - i ад гэтага яе хвост шалясцеў па цыноўцы, як сухое лiсце пад ветрам.

Ён i забыўся пра яйка. Яно ўсё яшчэ ляжала на верандзе, i Нагайна падкрадвалася да яго ўсё блiжэй i блiжэй. I нарэшце, калi Рыкi-Цiкi прыпынiўся, каб аддыхнуць крыху, яна падхапiла яйка i, слiзгануўшы па сходках веранды, панеслася як страла па дарожцы. Рыкi-Цiкi - за ёй. Калi кобра ўцякае ад смерцi, яна выгiнаецца так, як дубец, якiм хвошчуць конскую шыю.

|< Пред. 83 84 85 86 87 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]