Кучаравае дрэва (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 2 из 4

А ў гэтай казцы было вечна маладое каханне з яго радасцямi i неадлучным смуткам, смелае парыванне да вольнага жыцця i цiкавейшы свет лёгкакрылай фантазii, што не ведае нiякiх гранiц i снуецца ў недасяжных прасторах зямлi i неба.

Так шумела маладое лiсце на Кучаравым дрэве, так складала яно песнi на парозе вясны.

Шэптам задавалення шушукалiся суседнiя дрэвы i, адбiваючы тоны зялёнага лiсця на Кучаравым дрэве, неслi iх далей па лесе, аддавалi мурожнай траве на лузе, аксамiтным руням засеваў на полi i вечна рухлiвым хвалям рэк, а срэбраныя нiцi тужлiвага месяца пераносiлi iх у прасторы маўклiвага надзем'я.

Красавала вясна i дарыла шчодра вянкi, яснюсенькiм золкам завiвалася на ўсходзе, у блiскучай плынi купалася ў поўдзень, залатымi iскрамi залiвала захад i расплятала з сваiх цёмна-русых кос агнiстыя стужкi i развешвала iх на бязмежных нябесных прасторах... Красавала вясна i дарыла шчодра вянкi.

I шумела буйнае лiсце на Кучаравым дрэве, голасна шумела зялёнае. А ў гэтым шуме чулiся рытмы жыцця, сталыя аповесцi аб тым, што тварылася навакола "пад родным небам", "на зачарованых гонях". I цiша i громы пакiдалi сляды на струнах Кучаравага дрэва, i ў перамовах яго буйнага лiсця чуўся iх голас. Лашчыла лiсце ноч i разгортвала перад iм i чары свае, i таемнасць сваю, i тыя падзеi, што адбывалiся пад заслонаю змроку.

I сыходзiлiся русалкi чарадою пасядзець на карэннях Кучаравага дрэва i паслухаць шум лiсця. I лясун развешваў струны гусляў сваiх, каб пераняць песенныя чары зялёных лiстоў.

|< Пред. 1 2 3 4 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]