Лист Якуба Малькевича (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
12 из 14
У Хведара дзве сястры ёсць, дык старэйшая, Матыльда, спрыяе Хведару, гэтакая самая, як i ён, наглая i ненаедная. А маладзейшая, Анэта, толькi i ёсць абарона гэтых малых. Яна нейкi, можна сказаць, вырадак ува ўсёй iх сям'i, не падобна на ўсiх iх. Ёй i самой дрэнна тутака жыць пры гэтакiм браце. Як ён у астрозе сядзеў, дык яна за мужчыну была i на полi, i дома. А гэтыя малыя нават жыццём сваiм рашалi, плакалi i рыдалi, калi бацька жанiўся. Большы - ён жа ўсё ўжо ведае. Пра яго гэта я i хачу напiсаць, бо меншы то гэты яшчэ як воск, што з яго хочаш, тое i зробiш. Ён яшчэ нiчога не ведае, i лепш, можа, каб i не ведаў. А большы ўсё змалку дзён сваiх уведаў, на няшчасце сваё. Калi Хведар Тамiлоўскi жанiўся, дык пад акном народ стаяў, i некаторыя рагаталi з гэтага вяселля, бо ён iзноў узяў з-за выгады i набраў пасагу чорт што. Дык iзноў у хаце з гэтаю Зосяю ў яго дабра не будзе. А большы хлапчук, не Хведараў, а той, першай яго жонкi, як дзiкi нейкi i як бы скалечаны застаўся. Пра гэта я колькi разоў чуў ад самое Анэты, якая за малых вельмi абстайвае, а пасля я пачаў сам прыглядацца адно ж праўда. Тады я ўспомнiў, што яшчэ як ён быў меншы, дык як Хведар бiў раз на панадворку паленам яго мацi нябожчыцу, дык я прыбег па-суседску ратаваць. А малы гэты стаiць каля платца i дрыжыць увесь. I нейк не па-людску глядзiць. Можа, ён тады нiчога не бачыў больш, апроч гэтага палена, якое бiла ў плечы яго мацi. З таго часу ўжо колькi год прайшло, а ён часта гэтаксама глядзiць. Памятаю, калi яна, мацi яго, колькi дзён была непахаваная - усё следства вялi, - дык ён не адыходзiў ад яе нежывой i гэтаксама глядзеў.
|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|