Лист Якуба Малькевича (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
13 из 14
Не плакаў, а глядзеў гэтак страшна. Я па-суседску прыйшоў зняць з яе мерку, каб труну зрабiць, бо я сталяр, а ён стаiць i вокам не змiгне. Дык мне самому стала страшна ад гэтага яго зiрку. Вялiкi жаль агарнуў маё сэрца, i з таго самага часу я калi ўбачу яго, дык маё сэрца крывёю аблiваецца. Бо я i сам, сказаць, гледзячы на яго, успамiнаю, як я гадаваўся. Я просты чалавек i не ведаю, што са мною часамi робiцца. Паеду араць i ўспомню гэтага хлапчука; дык жаль душу агорне, i пакуль забудуся, дык хоць немаведама дзе дзецца. Гэтаксама i з яго цёткаю Анэтаю, сама гаварыла; за гэта яе ў хаце i не любяць. А гэтыя людзi ў iх у сям'i жывуць сабе - ядуць, п'юць, спяць, робяць, сварацца i нiчога не бачаць i нiчога гэтага не ведаюць, што можа быць усё гэта на свеце. А гэты хлапец нешта ўсё як бы бачыць i маўчыць. Нешта з яго будзе, калi ён вырасце. Дык от я i хачу тут напiсаць вам, дарагiя таварышы, у рэдакцыю газеты (бо я не ведаю, куды больш пiсаць пра гэта), каб, можа, якая апека была над гэтым хлапцом, цi што, а то вельмi ж i цяпер яму нясоладка жыць. А яшчэ каб якi-небудзь закон быў, каб прыглядацца, калi судзяць, да таго, напрыклад, што Хведар зрабiў з гэтым хлапцом, калi бiў i забiў яго мацеру, бо сядзець у астрозе то ён сядзеў два гады, але што гэта памагло? Ён мог пасядзець i адзiн месяц, i дзесяць год, i адно ўсё роўна было б. I яго калi засуджвалi, дык толькi i ўспамянулi, што хлопца асiрацiў. А можа, ён зрабiў з гэтым хлапцом нешта больш! А можа, ён яго зрабiў гэтакiм, што ён колькi будзе жыць, дык не будзе падобным на ўсiх.
|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|