Лист Якуба Малькевича (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
3 из 14
- Дзе iм тое дабро!
- У нас, васпане, калi на чалавека навалiцца бяда, дык усе толькi дакопваюцца яго грахоў...
- А што ж, яго па галоўцы гладзiць?
Варывон Вiлач пайшоў. Якуб Малькевiч зноў загаварыў:
- Усё роўна ж i сам сабе бяды нарабiў. Што гэта яму, вельмi шчасце самому цяпер вялiкае, што два гады сядзеў, што людзi пальцамi паказваюць? Патом не будзе мець спакою ён. А ўсё горла шырокае, зайздроснае, вока няпоўнае. I сам сабе, гад, жытку атруцiў, i дзяцей пасiрацiў. Колькi б нi сядзеў, усё роўна таго не адседзiш. Што зрабiў - назад не вернеш. Нежывога з магiлы не падымеш. Што меў адразу, у маладыя гады ўзяць сабе добрую дзеўку ды жыць, як добрыя людзi, дык от бярэ гэтае пакiдзiшча.
- Роўны роўнага ўбачыў.
- А Вiлачу абы з хаты збыць братаву ўдаву. Гэтаму што!
- А яна ж таксама нiкому свайго не перапусцiць.
- Што свайго, ёй i чужога мала!
Пасля таго як госцi падпiлi, у хаце стала шумна. Больш за ўсiх гаварыў Варывон Вiлач. Твар у яго быў чырвоны, а голас гучны, з лёгкай хрыпатою.
- Мёртвым неба, а нам, васпане, выпiўка. Пускай, Хведар, чарку да свахi.
- Мае галубочкi, да мяне i першую чарку пускалi, i другую, i... я ўжо ўпiлася.
- Што гэта вы?
- Яшчэ адну, цётка Аўгiння:
Сваха пiла ўсё з прыказкамi:
- Каб не стаяў над душой сват-прыганяты, вып'ем па пятай. Хi-хi-хi...
Сам Хведар не лiшне пiў i не лiшне пiльнаваўся "маладой". На тую ўсё налягала Аўгiння:
- Нешта ж ты, Зося, не п'еш. Нi калi бывае. Пускай гарэлку, не трымай усiх.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|