Лист Якуба Малькевича (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 4 из 14

Няхай людзi вып'юць.

Варывон гаварыў Хведару:

- Мы гэта, васпане, прыйшлi, можна сказаць, у гэтыя самыя аглядзiны так сабе. Што, мы ў цябе ў хаце нiколi не былi, цi што? Мы гэта ў госцi прыйшлi, а не ў аглядзiны нават. Што, мы не ведаем, як ты жывеш, цi што? Мы будзем, васпане, лiчыць, што гэта ты нас сабе ў госцi паклiкаў. А раз мы, васпане, будзем сваякамi, дык мы з дарагою душою прыйшлi. Дык я ж кажу. Як нябожчык брат памёр, вечны пакой, дык мы ж не былi падзелены, ты ж сам ведаеш. Мы сабе жылi гэтак, як з табою, васпане, будзем жыць. Дык я яму i гавару, калi ён канаў: я, кажу, васпане, твае Зосi не скрыўджу. Яе частка заўсёды будзе пры ёй. I я ад яе не адбiраю нiчога i не хачу што-небудзь скруцiць. У нас гаспадарка адна. Дам я за ёю, васпане, кабылу, цялушку i два, васпане, падсвiнакi. А там якое драбязы - збожжа цi што сабе яна трохi захоча, дык я цанавацца не буду. Мы памяркуемся.

Хведар зусiм ужо адцягнуў яго ад стала.

- Не, браце, ты мне дай не кабылу, а жаробку.

- Што табе гэтая жаробка, яна не лiшне складзiстая. А кабыла добрых жарабят, васпане, водзiць. Гэта завод!

- Дык i жаробка ад гэтай самай кабылы. А ты кажаш, што вельмi добрыя жарабяты.

- Н-ну, жаробка не ўдалася. Як цявiна. Бывае. Што меў ты, васпане, гэтую жаробку (яна ж як дошка, паглядзi, якi ў яе зад!) меў ты браць, дык я табе як добра - гатовую кабылу i... Што табе гэтая жаробка ў вока ўпала!

- Кабыла ўжо ў гадах.

- Ты, васпане...

Але тут сваха падцягнула яго да стала:

- Цераз вас, Варывоне, людзi не п'юць.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]