Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 20 из 109



Яна аглядзела яшчэ раз падлеснае поле i пайшла назад.

Брат паглядзеў ёй услед, нахмурыўся.

- Можа, яна крыўдзiцца чаго, - з'явiўся раптам з боку Вiнцэнты.

Амiлiн брат не захацеў з iм гаварыць. Вiнцэнты, як знячэўку дзе абмочаны на холадзе, заклапацiўся вельмi каля тычак.

VII

За лесам насядала на сялiбу вясковае поле, арудаваў там Андрэй - Амiлiн брат, працiўны Бушмару чалавек. Бушмар i нiколi не меў з iм сталай гаворкi (хiба, бывала, трэба было пагаварыць крыху, увайшоўшы ў хату да Амiлi), а цяпер i пагатоў. Ён з-за лесу чуў праз Амiлю, што Андрэй сiберна заеўся на Вiнцэнтага за ўсялякiя там справы, што Вiнцэнты нагаворваў супроць Андрэя людзей, што ў самога Вiнцэнтага ў хаце нелады нейкiя... Амiля кожны дзень пад вечар даведвалася да свайго дзiцяцi, доўга не бавiлася там, у Андрэя, цяпер ужо заўсёды варочалася нанач. Яна ўсё была такою ж самаю цiхаю, прывабна, па-жаноцку пакорлiваю. Вечарам, прыбегшы ад брата, яна знаходзiла Бушмара ў хаце, зазiрала яму ў вочы. Ён цягнуў яе да сябе.

Вясна тады ўбiралася ў сiлу. На полi, на палянах i лесавых выцерабах зазяленьвала ярына.

Навокал Бушмаравай сялiбы з'явiлася новая агарожа. За лесам, тут жа пад бокам у Бушмара, забялелi слупы на другую iншую агарожу. Дарога з лесу, што з Бушмаравай сялiбы падалася ўбок, закруцiлася пад самую рэчку - новы перароблены вясковы палетак адапхнуў яе.

Амiля з Бушмарам часамi, у нядзелю, калi быў час, выходзiла сюды за лес. Яна-то, праўда, iшла не разам з iм, а ззаду, як бы назiркам.

|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]