Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 21 из 109

Ён выходзiў з хаты адзiн, ён нiкуды не клiкаў яе з сабою, калi iшоў куды так, без работы, але яна даганяла яго, убачыўшы за брамаю. Сыходзiлася з iм ужо ў лесе. Тады гаварыла:

- Можа, мы сёння ўдваiх да Андрэя пойдзем?

Ёй хацелася, каб гэта было, i баялася яна зводзiць iх.

Ён сцiскаў губы, хмурыўся, адказваў не адразу, а ўжо калi яна начакаецца гэтага адказу:

- Ты ж кожны вечар бываеш там.

Яна так ужо i ведае, што ён гэта скажа, але яшчэ не паддаецца:

- Мала што я адна хаджу. Каб з табою калi ўдваiх пайсцi, мне гэтак хочацца... Лявонка...

Яна ведае, што на гэта ён ужо нiчога не скажа. Толькi як бы дзеля таго, каб разглядзець што па дарозе цi ў полi, адвернецца ён i колькi хвiлiн не змiгне з аднаго месца, а там i Андрэеву хату вiдаць на ўзгорку, другая з краю. Разбiты маланкаю клён гнецца пад растрэсенаю страхою, развалены комiн накрыты вялiкаю бляшанаю мiскаю без дна. Там Андрэй, можа, дзе ў нядзелю курыць да вулiцы на бярвеннях з мужчынамi i, можа, зноў нагаворвае людзей на Бушмара.

Нiколi Бушмар не пойдзе туды!

Амiлю цягне туды хоць на момант.

- Я пайду, - гаворыць яна, - калi ты пачакаеш крыху тут, я не забаўлюся. Добра?

Яна глядзiць пакорлiва ў вочы яго. Усё роўна як просiць ласкi якой. Ён жа заўсёды адзiн i той жа - пануры, маўклiвы. Хто яго ведае, якiя думкi варушацца ў яго вiхрастай галаве, пад гэтым навiслым чэрапам.

- Iдзi сабе.

Ах, каб ён не гаварыў гэтага "сабе"!

З прычыны гэтакага тону яна не iдзе. Ён сядзiць дзе-небудзь на пенчуку цi на вывернутым дрэве.

|< Пред. 19 20 21 22 23 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]