Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
18 из 109
Бушмаравы рукi ўзнялi яе высока, пад звярыным дыхам яго валасы з-пад хусткi казытнулi твар. Слабасць i раптоўны ўздым страсянулi яе. Разам з тым ласкавая хiтрасць прайшла па твары яе.
- Я чуць не вярнулася, думала, што здарылася, - шапнула яна i змоўкла зусiм.
Бушмар цераз увесь двор бегам нёс яе назад на руках.
Праз паўгадзiны яна нехаця выйшла на ганак. У расчыненых дзвярах неўзабаве з'явiўся за ёю Бушмар. Яна сышла з ганка, вельмi паволi зноў моўчкi пайшла да брата цi толькi зрабiла выгляд, што iдзе. Бушмар збег з ганка за ёю. I з трох крокаў зноў схапiў яе на рукi. Хiтрая жаночая ўсмешка лягла на твар яе. Яна ўзмахнула рукамi, вызвалiўшы iх з-пад Бушмаравых, узняла ўгору галаву i ахапiла яго за шыю. Бушмар панёс яе зноў у хату.
VI
Вiславухi, белавусы, стары Вiнцэнты стаяў за лесам на дарозе. Амiлiн брат падыходзiў да яго ўпоперак цераз раллю. Твар Вiнцэнтага тоненька ружавеў на ветры, нядаўна зголены, гладзенькi. Амiлiн брат ледзьве цягнуў ногi па цяжкай, скiбаватай раллi.
- Адпоўз Бушмар за лес, - сказаў Амiлiн брат.
- Напалi на чалавека, - адказаў Вiнцэнты.
- Будзе з яго аднаго.
- Можа, будзе, а можа, i не. З таго боку лесу тамашнiя яшчэ падбiраюцца. Так, мусiць, i адхвацяць усю гору.
Вiнцэнты задумённа плюнуў, абцёр рукавом вусы. Твар яго на ветры заружавеў i пагладзеў больш. Здаваўся мокрым. Цераз поле, з кустоў, iшлi людзi. Амiлiн брат уваткнуў ля дарогi тычку, мiгнуў Вiнцэнтаму. Той пайшоў далей ад дарогi, набраўшы з зямлi пад паху гатовых тычак. Мужчыны прыпынiлiся ля дарогi.
|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|