Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 23 из 109



Яна гладзiць па белай галоўцы свайго малога i спяшае назад да Бушмара. Андрэй выходзiць у сенцы. Стоячы ў дзвярах, глядзiць Амiлi ўслед:

- Пабыла б калi больш... Эксплаатуе цябе твой гаспадар.

Ён раптам кiдае жартаваць. Тон яго робiцца сталым:

- Табе i нядзелi няма?

Амiля ўжо выходзiць з двара.

Бушмар усё ж чакае яе. Яна як бы просiць яго:

- Я не бавiлася, праўда?

Яны iдуць назад ужо разам. Калi край лесу губiцца за востраю павароткаю лясной сцежкi, Бушмар тулiць яе да сябе. Яна, у гэты момант шчаслiвая, глядзiць яму ў вочы; уся больш яшчэ прыгажэе, ружавее, жмурыцца, лашчыцца да яго. Падыходзяць да дому, i яна тут зноў успамiнае тое, на што ён раней не адказаў:

- Чаму ты гэтакi... Нейкi...

- Якi?

- Не гаворыш нiколi са мною?

Яна не спускае з яго вачэй, i ён глядзiць доўга ў яе гвар. Жанчына робiць цуд: на Бушмаравым твары з'яўляецца ласкавая мяккасць.

VIII

Вiнцэнты на погляд здаецца цiхi чалавек. Ён ходзiць павольна i стала. У нядзелю заўсёды ўсцягвае на ногi шкарпэткi - шэрыя, у чырвоную палоску ўпоперак - жончына работа - i камашы. Ногi ў яго крывыя - разагнутыя дугi, i паходка - з боку на бок. Святочная ватоўка яго з рудога, чырванаватага старасвецкага бобрыку, цi то ўлетку горача, цi то ўвосень, цi ўвясну здорава - ён у свята заўсёды ў ёй. Колер твару яго дзiўна падобны да колеру гэтай вопраткi.

З Бушмарам ён - так сабе, нi вораг, нi прыяцель.

|< Пред. 21 22 23 24 25 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]