Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 3 из 109

I хоць ён чытаць не ўмеў, але друкаванай паперцы паверыў i такiм чынам праслужыў у Чырвонай армii нешта з год. Расказвалi, што чырвонаармеец з яго выйшаў несамавiты. Страляў ён добра (разам з бацькам найлепшымi паляўнiчымi былi), але палiтграмата - дык гэта была для яго пакута. Чытаць яго таксама ледзьве-ледзьве навучылi, але ж калi ён пасля вярнуўся дадому, дык адразу i гэта забыўся.

У армii папаў ён у тую часць, якая кагадзе з фронту прыйшла. Стаялi раней у казармах, а пасля выйшлi з iх.

Сярод лясоў i поля Лявон Бушмар павесялеў, стаў вастрэйшым на слова, а то раней, у горадзе, у казармах быў надта ўжо панурым i маўклiвым. Часамi слова ад яго выцягнуць нельга было. Сярод гэткага збору людзей i гарадской таўкатнi ён адчуваў сябе, як мядзведзь за сталом у пакоях. Некалькi разоў за ўсю службу ён прасiў усё аднаго ж таварыша напiсаць да мацеры лiст:

- Напiшы ты, будзь ласкаў, лiст мне дадому, я табе аддзякую.

З гэтага "я табе аддзякую" заўсёды смяялiся ўсе яго таварышы i раз нават вывелi яго з цярплiвасцi.

- Якi тут можа быць смех! А што ж ён павiнен мне пiсаць, цi што? Або ты мне, або я табе - што рабiць? Усякi сам i для сябе толькi можа рабiць што i калi сам захоча.

- Ты зусiм, Бушмар, не калектыўны чалавек, - сказаў хтосьцi з таварышаў.

На гэта ён нiчога не адказаў, унурыўся i лёг на свой ложак, адвярнуўшыся ад усiх. Лiста ў той дзень ён пiсаць ужо не захацеў.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]