Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 4 из 109

Лiст напiсалi на другi дзень, калi той таварыш, што пiсаў заўсёды яму, сам падышоў да яго:

- Ну дык давай, Лявон, напiшам, цi што?

Лявон пачаў дыктаваць:

- Дзякуй Богу жыў, напiшы, здароў. Нудна па доме, i няхай не збывае жарабiцы i рабiць каго найме, пакуль я прыйду, каб не рашаць гаспадаркi...

Мацi раз прыслала была яму пасылку. Дык ён дастаў з пасылкi самы большы сыр i падышоў да таго таварыша, што заўсёды пiсаў яму:

- Вазьмi, будзь ласкаў, сыр. Ты заўсёды мяне слухаеш, калi я прашу цябе напiсаць дадому.

Таварыш пакрыўдзiўся:

- Так, па-таварыску, дык я вазьму, а калi гэта заплата, дык не хачу.

Лявон Бушмар, як бездапаможнае дзiця, аглянуўся навокал. Высокая постаць яго крыху прыгнулася ад нейкай як бы нецярплiвасцi, непаразуменне было ў вачах.

- Вазьмi, - яшчэ раз сказаў i працягнуў у руках сыр.

- Не вазьму. Давай усе гуртам яго з'ямо.

Ён не ведаў, што рабiць з сырам, схаваць яго назад цi пакiнуць на таварышавым ложку, але тут сам таварыш дапамог яму - забраў сыр, i тут жа ўсе гуртам з'елi яго. З таго часу Бушмар яшчэ большым ваўком зрабiўся, а яму яшчэ больш сталi надакучаць.

- Не калектыўны ты чалавек. Звераваты.

- Дзiкi i нялюдскi.

- Ты ж нiколi чалавеку, каб прыйшлося, не паможаш, калi ў таго не будзе чым адплацiць табе.

Бушмар раз у такi момант усхвацiўся i размахнуў сваiмi шырокiмi плячыма. У адну руку згроб нешта з траiх i шпурнуў на блiзкi ложак. Кароткая шыя яго густа пачырванела, ён моцна i шумна дыхнуў. Тады з iм ужо мала загаворвалi. Твар яго стаў жорсткiм, бровы часта ссоўвалiся.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]