Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 5 из 109



Калi выйшлi з горада, дачыненнi мiж iм i таварышамi сталi лепшымi. Бушмар стаў сам загаворваць з усiмi, але не быў нiколi ў вялiкiм гурце любiў адзiноцтва i нават кватараваць застаўся ў сялянскай хаце адзiн, без таварышаў. Ён тут трохi здружыўся з гаспадаром хаты. Калi льга было ад службы, вельмi ахвотна iшоў у гумно малацiць i тады ажыўляўся:

- Чалавек без работы не можа доўга быць, хiба толькi спрадвечны лайдак або каторы змалку не прывык.

Тады ж нейк раз ён, разгаварыўшыся, прызнаўся гаспадару, што трохi каецца, што пайшоў служыць:

- Не ведаў, што гэтак доўга зацягнецца. Чорт ведае чым займайся тут. Хiба гэта работа!

Ён вельмi рваўся цяпер дадому.

II

На цiхiм небе стылi зоры. Вiльгаць iшла з лясоў i туманамi асядала на голую зямлю, перад свiтаннем маўчала поле; злазячы ў рэчку, бялелi на чорнай зямлi лапiны апошняга снегу.

Над самай рэчкаю, на ўзгоркаватым яе беразе, высока над змрочнымi паплавамi, узнiмалася няроўная сцяна лесу. Дарога ў лес iшла праз рэчку, цераз мост, з поля i паплавоў. На дарозе ў лесе было чорна i цiха. Таму пад нагамi ў чалавека звонка i мокра трашчала леташняе лiсце. Чалавек iшоў паволi, нёс за плячыма клунак. Часамi ён прыпыняўся, дзе дрэвы разыходзiлiся ад дарогi i над палянкай нiжэй звiсала зорнае неба. Чалавек як бы прыглядаўся цi прыслухоўваўся да чаго. Стаяў так хвiлiны са тры i зноў iшоў далей. Ступаў ён моцна, але хада яго была лёгкаю, хоць i ўтомленаю, так, як ходзiць чалавек па роднай зямлi. Дарога доўга iшла лесам, перакiдалася праз кавалкi поля, праз нiзкiя ядлаўцовыя лагчыны.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]