Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 33 из 109

Сонечнае поле жыло клапатлiвым веснавым днём. Яно гучэла птушынымi галасамi, зелянiлася ячменямi i аўсамi. У бок ад узгорка тулiлiся да яго знаёмыя стрэхi.

Як бы шукаючы чаго, Амiля палажыла да лба над вачыма руку i ўгледзелася ў поле. Вецер абвеяў ёй твар. Не думаючы, яна пайшла пацiху цераз поле, перад ёю, наводдалек, бегла хвалямi жыта.

Андрэева хата ветлiва глянула на яе спарахнеласцю сваiх сцен. На прызбе, на ўмятай кастрыцы, драмаў узлахмачаны сабака. Ён толькi гультайскiм зiркам правёў яе ў двор. Там яна ўбачыла свайго малога. Ён адразу пабег да яе:

- Мама!

Яна панесла яго ў хату. Там быў ранiшнi рэзрух. Ляжалi непрыбраныя, расцягненыя пасцелi; самому ад сябе цесна здавалася. Усё было гэтакiм знаёмым - усё, як i заўсёды, - на тым самым месцы, як i шмат год да гэтай хвiлiны. Усё тут цякло паволi, з вонкавым спакоем... Нават нейкае зелле, якое яна сама, гадоў, можа, тры таму, заткнула за трам - яшчэ i цяпер тырчыць адтуль.

Амiля выцягнула гэтае зелле i кiнула ў сенцы. На палку каля печы панакiданы знаёмыя лахманы...

Думкi пачалi бегчы шпарчэй, вырывалi абрыўкi мiнулага, забытага, што здавалася пахаваным назаўсёды. Можа, ёй было гадоў шэсць цi сем, як (гэта страшна цяпер укалола яе) сварылiся ў хаце за старую вопратку, што засталася пасля нябожчыка, бацькавага бацькi. Прыходзiла па вопратку бацькава сястра, бацька ж iрваўся ўсё прагнаць яе з хаты. Тая вопратка, можа, i каштавала ўсяго якую двазлотку, а колькi было сказана з-за яе ўсялякiх крыўдных слоў.

|< Пред. 31 32 33 34 35 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]