Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
35 из 109
Гэта брала пад сваю ўладу думкi i волю, каб - або зрабiць чалавека вельмi моцным i рашучым, або зусiм нямоцным, слабым. Усё тады робiцца малым i нязначным перад адным, што займае ў тыя хвiлiны чалавека.
Калi яшчэ была дзiцём Амiля, дык з таго часу памятае яна адзiн гэтакi момант. Ён навек застаўся ў памяцi, i цяпер заўсёды паўстае ва ўяўленнях гарачы сонечны адвячорак, калi было гэта. Яна малая не магла ўседзець дома ўвесь той дзень i назаўтра, пакуль не сплыла патроху горкасць з душы.
- Занясi, дачушка, тату хлеба, бо ён не еў з самага ранку, - сказала была тады мацi.
I яна панесла той нiшчымны хлеб, сухi, вымучаны з апошняй мукi, а бацька з поўдня ўжо нешта стаяў без шапкi перад ганкам аканома ў двары, выпрошваючы нейкай палёгкi за нейкiя даўгi.
- Табе колькi разоў казалi - не таўчыся тут перад вокнамi дарэмна, сказала пакаёўка, выходзячы на ганак.
Тады бацька заенчыў:
- Унь мне дзiця апошнi кусок хлеба з стала прынясло. Няўжо я з раскошы прашу? Няўжо я...
I вось тады адбылося тое самае важнае. Сам аканом, высокi i моцны, выскачыў на ганак i схапiў бацьку за шыю, пхаў яго гэтак перад сабою цераз увесь дзядзiнец, да самай дарогi, дзе стаялi дваровыя людзi, i некаторыя спачувалi, некаторыя смяялiся. Бацька пайшоў, а яна, малая, бегла за iм, i страшны малюнак бацькавай прынiжанасцi не даваў ёй спакою.
- Заўтра пайду папрашу аканомiху, - сказаў спакойна бацька, калi адышлiся яны трохi ад двара.
- Не iдзi!
Яна закрычала немым голасам.
|< Пред. 33 34 35 36 37 След. >|