Лявон Бушмар (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
63 из 109
Як бы хто магутны, непераможны трымаў яго за плечы i цiснуў у зямлю. Калi праходзiў местам, пазнаў блiзкiх, з свайго боку людзей каля вазоў, але яшчэ больш тады даў ходу, - каб хаця не заўважылi i не запрасiлi садзiцца на воз. Ён зусiм прыйшоў да спакою, калi пачуў, як палявы вецер свiшча ў вушы i б'е проста ў вочы. Тады адчуў ён струмень бурнай волi. Яна гнала яго па зямлi асеннiмi дарогамi, сцежыстымi пераходамi, лясамi. Больш нешта за сорак вёрст зрабiў ён за той дзень i яшчэ больш iшоў бы. Лёгка ўвайшоў ён у лес, як бура, мiнуў яго зараз жа. Галас iрвануўся да яго на поўны рух сваёй сабачай радасцi. У браме яны стаялi ўдвух, абняўшыся. Бушмар раздзьмутымi ноздрамi цягнуў у сябе восенны пах мокрага дрэва, саломы, зямлi, сабака захлынаўся вiскам, калацiўся з радасцi. Апамятаўшыся, Бушмар рушыў пад хату. Сабака павалокся на заднiх лапах следам, трымаючы ў абдымках гаспадараву спiну. Галена спаткала Бушмара на ганку. Яна абняла яго за шыю i павяла ў хату. I толькi тут, калi ўжо запахла знаёмым спрадвеку кутком, заварушылася дзесьцi ў нетрах сэрца трывога. Ён i сам не разумеў яшчэ, што гэта i з чаго, цi гэта пачатак чагосьцi вялiкага, цi драбяза якая? Галена падвяла яго да калыскi:
- Бачыш?
Ён чыркануў запалку, каб угледзецца ў твар невядомага яшчэ сына. Галена не зводзiла з яго вачэй.
Праз паўгадзiны ён ужо хадзiў па двары. Сабака гайсаў за iм, постацi iх шпарка варушылiся ў раннiм змроку, яны некалькi разоў абышлi двор. Нарэшце Бушмар рушыў за браму. Ён iшоў шырокаю сваёю мяжою i тут чуў, як тая трывога шпарка расла.
|< Пред. 61 62 63 64 65 След. >|