Лявон Бушмар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 67 из 109



VI

Што ён там гаварыў з Андрэем цi Андрэй гэта з iм - Бушмар не памятаў, штосьцi ён адказваў, а то маўчаў у злосцi. Толькi пасля ўжо, калi Андрэй знiк недзе з-пад яго, ён адчуў яго гаворку. Не ўспомнiў, а адчуў. Той кiдаў словамi як каменнямi, а як дагаварыўся Андрэй да сваёй гэтай казанi, не iшло на памяць.

- ...Ты дзе нi павернешся, усюды прыкрасць, а можа, што i большае каму зробiш. Як бы ўвесь свет табе павiнен быць...

- Я на чужое не лезу, - закрычаў Бушмар, - каб адно нiхто мяне не чапаў! Не чапай мяне!

- А ты пагавары пра людзей, а не пра свой хутар! Ты ж яго ад усяго свету не агародзiш! Райвыканкомавец ступiў быў раз на твой хутар? Ты нiкога не чапаеш? Успомнi пра ўсё, з кiм ты спаткаўся калi, а Амiлi ты не забыўся яшчэ цi ўжо i следу ў тваёй галаве яе не засталося? Ты хочаш прайсцi, жывучы на свеце проста, як сабе хочаш, што на дарозе - павiнна саступiць табе, а што не ўспее саступiць, пападзецца пад твой бот, а каго-небудзь ты i сам паклiчаш да сябе на момант, дзеля якое-небудзь прагнасцi свае цi патрэбы. Бо i воўк жа не цягаецца вечна адзiн, без канпанi. А пасля iдзеш далей i нi на што не глядзiш, нiчога пад нагамi не прыкмячаеш. Як бы ўсё гэта толькi дзеля цябе жыве на свеце...

Калi iшоў ужо Бушмар назад, словы гэтыя жылi дзесьцi ў адчуваннях яго, але былi яны далёкiя ад яго, нiчога ў iм не чапалi i павялiчвалi толькi нянавiсць да Андрэя. Ён адумаўся адзiн на вулiцы. I што ўкалола яго тут, дык гэта толькi неспадзяванае, што стаiць ён каля той хаты, дзе жыла калiсьцi, а можа, i цяпер жыве, Амiля. Ён рушыў назад цiха, не гэтак, як iшоў сюды.

|< Пред. 65 66 67 68 69 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]