Макаркавых Волька (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 2 из 13

Вольцы тады было яшчэ не больш васемнаццацi год, i гэта была самая лепшая танцорка i заўзятаявесялуха на ўсю вёску. Сям'я Макаркавых была бежанская. Яшчэ ў iмперыялiстычную вайну тут з'явiўся высокi чалавек з жонкай i малою дачкою. Прыехаў ён на сытым маладым канi. Сафрон Дзядзюля быў тады яшчэ падростак i разам з iншымi, такiмi як ён, падшывальцамi, цёрся каля бежанскай фурманкi, пакуль высокi гаспадар яе хадзiў па хатах i апытваў прытулку. Бачачы на возе толькi адну бабу з малой дзяўчынкай, Сафрон так асмялеў каля чужога каня, што надумаўся навырываць з яго хваста валаснi сабе на вуду. Конь хоць быў у аглоблях, але ўхiтрыўся так зачапiць нагой Сафрона, што той адразу адцураўся валаснi. Дзяўчынка на возе зарагатала. Сафрон адбегся, хапiў сукаваты пошвырак i смальнуў каню ў бок.

Бежанец астаўся ў вёсцы, i праз пэўныя гады Сафрон Дзядзюля пачаў ныць па чорнавалосай Вольцы. Ён хадзiў за ёю доўга, але ў яе i ў думках не было iсцi замуж, i не толькi за яго, але за каго б там нi было. Яна хацела ехаць вучыцца, i от аднойчы, не ведаючы, як ад яго адчапiцца, яна сказала яму нi то стала, нi то жартам:

- Я за цябе не пайду, бо ты такi...

- Якi? Ну якi?

- Ты такi, што абы дзе сеў, то пасля цябе заўсёды астаецца куча смецця, попелу з папяросы, пяску i гразi з-пад ног.

- Ну, а больш? - перабiў ён, увесь чырвоны ад злосцi.

- Калi ты возьмеш у рукi якую-небудзь рэч, то адразу пачнеш на ёй цвiком, шклом цi хоць запалкай вырысоўваць сваё прозвiшча i зглумiш тое, што трымаеш у руках.

- А яшчэ?

- Стол, за якiм ты сядзiш, заўсёды астаецца пасля цябе зрэзаны нажом i сколаны.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]