Макаркавых Волька (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
3 из 13
А накожным лiсце паперы, якi трапiцца табе пад руку, ты сто разоў распiшашся...
- Ну, кажы далей!
- Што ж далей?.. Ну, ты пусты ганарлiвец... i яшчэ - кожнага любiш абсмяяць... От зiмой, я памятаю, мая мацi несла ваду i, пакаўзнуўшыся, упала, а ты пасля рагатаў, што, пакуль яна ўставала, у яе голыя каленi вiдны былi.
Апошнiя словы Волька сказала гнеўна, гнеў гэты явiўся ў яе нечакана, пры ўспамiне аб гэтым выпадку.
Усё гэта было праўда, i тым больш зняважыла высокiя Дзядзюлевы пачуццi. Праз паўгода Волька паехала вучыцца на рабфак, а яшчэ праз паўгода ёй наўздагон пайшла заява аб тым, што яна "лiсiца ў воўчай скуры" i не проста пайшла вучыцца на рабфак, а "пралезла" туды, i калi яна "працягвае" там вучыцца, то "гэта няправiльна", бо бацька яе заўсёды трымаў сытыя конi. "Пад гэтага каня страшна было падысцi", - такiя гэта былi кулацкiя стаеннiкi. Усiм было вядома, што ў тыя часы Вольчын бацька меў толькi i занятку, што з ранку да вечара вiсець крукам у сельсавеце, дамагаючыся даведкi, што ён нiякi не кулак. Ён гаварыў, што ў часы бежанства сыты конь у яго быў таму, што ён, каб уцячы ад гарматнага агню, прадаў, што меў, да апошняй нiткi i купiў каня.
Але Дзядзюля быў вялiкiм актывiстам. Хоць работа ў яго дома i стаяла, але затое ён быў практыкам у тым, каб лезцi ў цэнтр "вялiкiх" спраў. Ён пакрысе лез у кааперацыю, у малочную арцель, а пасля i ў сельсавет.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|