Макаркавых Волька (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
6 из 13
Жывая карцiна ўсяго гэтага i паўстала перад Дзядзюлем, калi незнаёмая жанчына нагадала яму Вольку. З задаваленнем думаючы аб тым, што ён сваiмi заявамi адпомсцiўся Вольцы за колiшнюю знявагу, Дзядзюля спакойна клаўся спаць, акруглiўшы свае думкi фразай: "Цяпер мы з ёю квiты".
Назаўтра быў ясны дзень. Стаяла восень. Высока ўзнiмалася неба, i сонца залiвала зямлю. Прыемны лёгкi холад адчуваўся ў подыху ветру.
Сафрон Дзядзюля зранку iшоў на сваю працу. Цяпер ён быў начальнiк усёй кааперацыйнай сеткi па сельсавеце. З таго часу ён пастарэў, i дробная хада яго набыла большую выразнасць: цяпер ужо кожны мог заўважыць, што ступае ён дробна i цiха. Апрануты ў бобрыкавае палiто, ён нёс свой партфель, мiнаючы шырокiя завулкi новага калгаснага пасёлка. За апошнiя гады на ранейшай вулiцы асталося не больш палавiны хат: хто будаваўся, хто выходзiў на шырэйшую разлегласць. Стаяла многа новых дамоў. Сафрон Дзядзюля таксама жыў ужо ў новым сваiм доме, з чорным i чыстым ходам. З поўдня ад пасёлка, як вокам акiнуць, цягнуўся нядаўна засаджаны калгасны сад. З другога боку iшлi калгасныя гаспадарчыя пабудовы. Маладыя таполi, клёны i каштаны стаялi жоўтыя паабапал дарогi. Каб Волька Макаркавых з'явiлася сюды, тут яна ўжо зусiм не пазнала б роднай сваёй мясцовасцi.
Кааперацыйнае праўленне было ў новым доме, за калгасным садам. Пешаходная сцежка вiлася паўз самы могiльнiк. Падыходзячы да паркана, Сафрон Дзядзюля заўважыў раптам, што на царкоўнай сцяне вiсiць нейкае палiто. Зацiкаўлены, ён пералез цераз жэрдкi i падышоў. Царква была зусiм трухлявая.
|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|