Макаркавых Волька (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
7 из 13
Гнiлая шалёўка не трымалася на цвiках i сыпалася ўнiз спарахнелымi кавалкамi. Доўгiя цвiкi скрозь тырчалi па сцяне. На адным з гэтых цвiкоў i вiсела палiто.
Палiто было жаночае, на ваце, з прышытым поясам i коцiкавым каўняром. Шустры верабей шаргануўся аб гэты мяккi каўнер, улятаючы з заўзятым шчэбетам у акно, якое ўжо было без рамы i шкла. Сафрон Дзядзюля стаяў, задзёршы галаву, здзiўлена разглядаючы палiто. Раптам ён пачуў шоргат рыдлёўкi аб жвiр. Азiрнуўшыся, ён убачыў жанчыну. Пазнаў цi здагадаўся, але ён з першага моманту быў упэўнен, што гэта тая самая, учарашняя. Каб блiжэй яе разгледзець, ён iнстынктыўна падаўся ў той бок i раптам спынiўся як ашаламонены: перад iм была Макаркавых Волька.
Гэта была маладая жанчына. Прывабнай сталасцю поўнiлiся ўся яе пастава, рухi i рысы. Яна працавала. Рыдлёўкай капала яна зямлю i даводзiла да парадку дзве магiлы пад жоўтымi вязамi. Постаць яе была мажная, i хараство, здаецца, яшчэ большае, як тады, калi яна была маладой дзяўчынай.
Ахоплены незразумелай трывогай, Сафрон Дзядзюля цiхом павярнуўся i шмыгануў за рог царкоўнай сцяны, поўны радасцi, што яна яго не заўважыла. Выглядаючы паловай твару з-за сцяны, ён бачыў, як Волька некалькi разоў разгiналася, каб адпачыць, а пасля зноў бралася за працу.
Штосьцi новае было ў ёй. Гэта не была тая ранейшая простая i вясёлая Волька. Наiўнасцi тут ужо не было.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|